BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

25 мільёнаў злотых для падляшскіх прадпрымальнікаў і фірм на развіццё экспарту

Маршалак Падляшскага ваяводства запрасіў прадпрымальнікаў і фірм да ўдзелу ў конкурсе Падляшскага цэнтра экспарту, які ваяводская Управа праводзіць сумесна з Фондам рэгіянальнага развіцця Падляшша, Гандлёва-прамысловай палатай і Падляшскім бізнес-клубам.

Перш за ўсё да ўдзелу ў конкурсе запрашаюцца 54 гміны Падляшша, якія мяжуюць з Беларуссю.

Кажа Маршалак Лукаш Пракорым:

– З увагі на нашу міжнародную сітуацыю і закрытую граніцу з Беларуссю, запрашаем да ўдзелу ў конкурсе 54 сельскія гміны, якія непасрэдна мяжуюць з беларускай граніцай, але ўдзел у гэтым конкурсе могуць браць вытворцы і з усіх гмін ваяводства.

Прэзідэнт Фонду рэгіянальнага развіцця Падляшша Павел Ямроз падкрэсліў важнасць падтрымкі экспарта з Падляшша з увагі закрыцця мяжы з Беларуссю:

– Напрыклад, фірма «KABO” з-пад Беластоку шмат прадавала кілбас і розных іншых вырабаў у Беларусь. Пасля закрыцця граніцы няма экспарту. Шмат сельскай тэхнікі таксама прадавалася ў Беларусь. З-за таго, што мяжа закрыта, няма таго абмену. Ну і плюс, не прыязджаюць беларусы, каб рабіць закупы. Гэта таксама быў вельмі істотны пункт. Мы хочам, каб пазней гэта ўсё вярнулася.

Сродкі конкурса можна накіраваць на інавацыі, новыя прадукты, дзелавыя паездкі, будаўнічыя работы або навучанне супрацоўнікаў. Агульная сума конкурса – 25 мільёнаў злотых, з іх 8 мільёнаў злотых складае максімальная сума на праект. Заяўкі прымаюцца да канца лютага 2025 года.

Цалкам матэрыял:

Беларускае Радыё Рацыя