Пастаянныя прадстаўнікі 27 краін ЕЗ абмяркоўваюць пашырэнне санкцый супраць Беларусі, якая з’яўляецца “практычна інтэграванай у Расею васальнай дзяржавай Крамля”.
Пра гэта паведамляе выданне Politico.
Адзначаецца, што Еўракамісія прапануе абмежаваць беларускі экспарт золата, нафты, газу і алмазаў. Мяркуецца, што кампаніям з краін ЕЗ будзе забаронена прадаваць Беларусі прадметы раскошы, марское навігацыйнае абсталяванне, а таксама тавары і тэхналогіі, якія выкарыстоўваюцца ў нафтагазавай прамысловасці.
Паводле інфармацыі выдання, разглядаецца забарона еўрапейскім кампаніям аказваць паслугі Беларусі, таксама магчыма пашырэнне спектру забароненых для паставак у краіну тавараў падвойнага прызначэння.
Еўракамісія лічыць, што санкцыі ў дачыненні да Беларусі не паўплываюць на пастаўкі пшаніцы або угнаенняў у “найбольш уразлівыя трэція краіны”.