Мінулы год аказаўся не вельмі ўдалым для швейцарскага вытворцы чыгуначных саставаў Stadler. Напрыклад, за гэты час група кампаній атрымала амаль на 450 заказаў менш, чым у 2023-м, гаворыцца ў яе гадавой справаздачы. Істотна ўпалі і прыбыткі кампаніі, піша Office Life.

У Stadler застаўся актыў у Беларусі. Гаворка ідзе пра завод «Штадлер Менск». У 2014 годзе кампанія запусціла пад Менскам у Фаніпалі вытворчасць рухомых саставаў для чыгунак і метро. Пасля санкцый 2022 года на беларускім заводзе перасталі вырабляць саставы. Аднак па іх умовах у Фаніпалі можна выконваць механічныя працы з кампанентамі.
Па дадзеных гадавой справаздачы, швейцарская кампанія працягвае заставацца 100%-ным уласнікам ЗАТ «Штадлер Менск». Пры гэтым у Stadler адзначаюць, што працягнуць захоўваць завод у Фаніпалі з улікам высокай кваліфікацыі яго супрацоўнікаў і якасці паслуг прадпрыемства, каб ізноў адкрыць яго пасля зняцця санкцый.
Пад санкцыі трапіў чарговы пастаўшчык беларускіх угнаенняў
Польшча ўвяла санкцыі супраць яшчэ адной кампаніі з Беларусі. У польскім “чорным спісе” гэта першая сёлета і шостая запар фірма, якая спрабуе гандляваць у Польшчы і ЕЗ падсанкцыйнымі ўгнаеннямі “Гродна Азота”.
Санкцыі ўведзеныя супраць кампаніі “МетаТрэйдынгПрам”, зарэгістраванай у Менску ў красавіку 2024 года, піша выданне “Беларусы і рынак”. Ужо ў жніўні кампанія пачала вытворчасць грануляваных угнаенняў і ў кастрычніку зрабіла першую пастаўку партыі прамысловага карбаміду ў Польшчу.
Адпаведныя польскія службы зацікавіліся тым, як шпарка пачала дзейнічаць тэхналагічна складаная вытворчасць. Яны і выявілі, што “МетаТрэйдынгПрам” — гэта проста пасярэднік для “Гродна Азота”, пастаўкі якога на рынак Еўразвязу забароненыя з 2021 года.
Бюджэт 2024 года выкананы без дэфіцыту
Міністр фінансаў Юрый Селіверстаў заявіў, што бюджэт мінулага года выкананы збалансавана. дадаў Селіверстаў. Ён удакладніў, што ў мінулым годзе эканоміка спрацавала, як планавалася, паступілі даходы: прыбытак, мытныя пошліны ў сувязі з экспартам тавараў, у тым ліку калію. Усе гэтыя паступленні адбыліся, як і планавалася, нават з пэўным плюсам.
У рэспубліканскі бюджэт на 2025 год закладзены дэфіцыт прыкладна ў 4,46 млрд рублёў. Гэта не азначае, што па выніках года будзе менавіта такое перавышэнне выдаткаў над даходамі. «Пакуль за два месяцы, якія прайшлі, у нас дэфіцыту бюджэту не было», — дадаў чыноўнік.
Базавая арэндная велічыня павялічана
Базавая арэндная велічыня павялічана да 18,77 рубля. Яе памер павялічаны на 5,7 працэнта. На падставе базавай арэнднай велічыні вызначаецца памер арэнднай платы пры здачы ў арэнду нерухомай маёмасці, якая знаходзіцца ў дзяржаўнай уласнасці, а таксама ўласнасці гаспадарчых таварыстваў.
Беларускае Радыё Рацыя