У бягучым годзе Беларусь наросціць экспарт сметанковага масла і сыру. Такія прагнозы ўтрымліваюцца ў дакладзе Харчовай і сельскагаспадарчай арганізацыі ААН, піша Office Life.

Так, па сметанковым масле чакаюць росту сусветных паставак на 0,4%. Пры гэтым прагноз па Беларусі – плюс 1,5%. Аналітыкі ААН ацэньваюць, што Беларусь сёлета экспартуе 100 тысяч тон гэтага прадукту. Адметна, што за мінулы год Беларусь паставіла толькі ў Расею 106,4 тысяч тон сметанковага масла, і гэта 79% ўсяго імпартнага масла на расейскім рынку. Акрамя таго, у мінулым годзе беларускае сметанковае масла ўпершыню прадалі ў Кітай праз біржу.
Што тычыцца сыру, то на сусветным рынку ў бягучым годзе чакаюць нязначнае падзенне паставак, але пры гэтым беларускі экспарт мае дадаць 5%. Яго ацэньваюць у 324 тысячы тон.
Як змянілася доля Беларусі ў сусветным гандлі каліем
Доля Беларусі ў сусветным гандлі каліем зменшылася з 9% у 2021 годзе да 6% у 2024 годзе. У абсалютным значэнні продажы знізіліся з 5,1 млн да 4 млн тон. Такія даныя змяшчае даклад “Харчовы прагноз” Харчовай і сельскагаспадарчай арганізацыі ААН. Да ўвядзення еўрапейскіх санкцый у дачыненні да беларускіх угнаенняў долю Беларусі ў сусветным гандлі каліем ацэньвалі ў 20%.
Аналізуючы сусветны рынак, эксперты адзначаюць, што цэны на калій заставаліся дастаткова стабільнымі за кошт паляпшэння паставак з Беларусі і Лаоса. Але пошліны Еўрасаюза на беларускія ўгнаенні, якія павінны ўступіць у сілу з 1 ліпеня, працягнуць павялічваць рызыкі паставак і цэнавыя рызыкі ў будучыні. Мяркуецца, што цэны будуць расці.
Варта таксама адзначыць, што летась Беларусь трапіла ў топ-3 пастаўшчыкоў калійных угнаенняў у Тайланд, а з пачатку гэтага года ўвайшла ў топ-3 пастаўшчыкоў калію ў Кітай.
Якія прадукты найбольш падаражэлі і патаннелі ў Беларусі ў траўні
У параўнанні з красавіком у траўні гэтага года інфляцыя склала 0,7%. Гадавая ж інфляцыя перавысіла 7%. Традыцыйна больш за ўсё растуць у цане прадукты — 1,2% за месяц і 9,6% за год.
Вось топ-5 тавараў, цэны на якія ў траўні выраслі больш за ўсё:
капуста — 45,21%;
цыбуля рэпчатая — 39,50%;
буракі — 32,33%;
морква — 26,51%;
бульба — 26,30%.
Таксама ў спісе лідараў апынуліся какава-парашок, бульбяныя чыпсы, цэмент і абед у сталовай.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота ілюстрацыйнае: Depositphotos.