BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Абарот бізнесу сям’і Лукашэнкі перавысіў 800 мільёнаў еўра

За апошнія дваццаць гадоў у Беларусі і Расеі з’явілася больш за два дзясяткі розных бізнесаў, цесна звязаных з сям’ёй Аляксандра Лукашэнкі. Іх абарот толькі за мінулы год перавысіў 800 мільёнаў еўра. Такія лічбы прыводзіць “Бюро Медыя” ў сваім новым расследаванні, прысвечаным даходам сваякоў Лукашэнкі. Сям’я Лукашэнкі займаецца паліграфіяй, перапрацоўкай рыбы, валодае рэстаранамі, радыёстанцыямі, алкагольнымі крамамі, гандлюе самазваламі. І гэта без уліку заробкаў на дзяржаўных пасадах.

Да прыкладу, Віктар Лукашэнка за 16 гадоў атрымаў з бюджэту ў выглядзе заробку ў Савеце бяспекі 267,5 тысячы еўра “бруднымі”. На пасадзе прэзідэнта Нацыянальнага алімпійскага камітэта Віктар Лукашэнка атрымаў амаль 121,5 тысячу еўра.

Жахлівае становішча МТЗ

Менскі трактарны завод адчувае востры дэфіцыт грашовых сродкаў, неабходных для ажыццяўлення плацяжоў у бюджэт, выплаты падаткаў і збораў, аплаты энерганосьбітаў і іншых абавязковых плацяжоў, а таксама для разлікаў з пастаўшчыкамі. Для разлікаў з крэдыторамі завод вымушаны афармляць дарагія крэдыты, у тым ліку ў замежнай валюце, што негатыўна адбіваецца на выніках фінансава-гаспадарчай дзейнасці і агульным фінансавым стане прадпрыемства.

Пра такі стан спраў гаворыцца ў лісце міністра прамысловасці Беларусі Андрэя Кузняцова, накіраваным старшыню Магілёўскага аблвыканкама Анатолю Ісачанку. Дакумент, перададзены BELPOL, знаходзіцца ў распараджэнні рэдакцыі Еўрарадыё.

Сярэдняя пенсія ў Беларусі складае 980 рублёў

Сярэдняя сума пенсіі ў Беларусі сёння набліжаецца да тысячы рублёў. Паводле звестак Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, зараз яна складае 980 рублёў. У наступным годзе пенсіянераў чакаюць змены: выплаты плануюць павялічыць амаль на 15 працэнтаў. У выніку сярэдняя сума пенсіі вырасце прыкладна да 1100 рублёў.

У Міністэрстве працы нагадалі, што сума пенсійных выплат вылічваецца індывідуальна. На яе ўплываюць працоўны стаж, узровень заробку за мінулыя гады, а таксама права на розныя надбаўкі і падвышэнні.

Золата ўпершыню ў гісторыі перавысіла 4500 даляраў за унцыю

Біржавая цана золата перавысіла 4500 даляраў за тройскую унцыю. Золата абнаўляе рэкордныя максімумы ўжо 50 дзён запар, падлічыў Bloomberg. Аднак вышэй за ўзровень 4500 даляраў цэны каштоўнага металу падняліся ўпершыню ў гісторыі.

Аналітыкі мяркуюць, што золата можа ненадоўга затрымацца на гэтым узроўні. Каля чвэрці попыту на гэты каштоўны метал мае інвестыцыйны характар, а гэта значыць, што ён можа вярнуцца на рынак у выглядзе прапановы.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота ілюстрацыйнае з адкрытых крыніц.