BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Адмоўнае сальда замежнага гандлю працягвае рост

Знешні гандлёвы абарот тавараў і паслуг Беларусі за першае паўгоддзе склаў больш за $48,6 млрд. Гэта прыкладна на $1 млрд больш, чым год таму. Але, як вынікае з статыстыкі Нацбанка, у адрозненне ад мінулага года, сёлета беларускі знешні гандаль працуе з мінусам, піша Office Life.

Адмоўнае сальда па таварах і паслугах за студзень — чэрвень склала мінус $928,2 млн. Для параўнання: за шэсць месяцаў мінулага года сальда было невялікім, але станоўчым — $4,5 млн.

Беларусь не хоча пакрываць расейскі паліўны дэфіцыт

У Расеі цяпер адзначаецца паліўны крызіс: з-за вываду ўкраінскімі дронамі са строю некаторых НПЗ не хапае бензіну, з-за чаго ў некаторых рэгіёнах уводзяць талонную сістэму. Аптовыя цэны з пачатку жніўня падняліся на 8 % і нават забарона экспарту паліва не дапамагла стабілізаваць сітуацыю.

Беларусь, якая магла б часткова пакрыць дэфіцыт, не спяшаецца нарошчваць пастаўкі, паведамляе Служба знешняй разведкі Украіны. Па-першае, яе НПЗ маюць абмежаваныя магутнасці: у год вырабляецца каля 3—4 мільёнаў тон бензіну, з якіх палова ідзе на ўнутраныя патрэбы, а Расея толькі за месяц спажывае каля 3 мільёнаў тон. Па-другое, эканамічна Менску выгадней прадаваць паліва на іншыя рынкі — у Кітай, Індыю ці Афрыку, дзе цэны значна вышэйшыя.

У Беларусі зрабілі стаўку на фундук

Ёсць добрыя перспектывы таго, што прамысловая вытворчасць фундуку ў Беларусі апярэдзіць па аб’ёмах традыцыйныя костачкавыя культуры, піша выданне «Беларусы і рынак». На сёння па краіне закладзены сады фундуку на прыкладна 100 гектарах. Самы буйны з дзейных (70 гектараў) знаходзіцца пад Маладэчнам. Фундукавыя сады ёсць нават у самым паўночным Расонскім раёне. Адзначаецца, што з 2023 года рэалізуецца комплексны праект, накіраваны на стварэнне сартоў фундуку, распрацоўку тэхналогій і так далей. На сёння ёсць тры сарты беларускага фундуку, якія ўключаны ў дзяржаўны рэестр.

Павялічылася напаўняльнасць менскіх гасцініц

За студзень — ліпень сярэдняя напаўняльнасць гасцініц Менска склала 67,2%, што на 7,4% больш, чым за аналагічны перыяд мінулага года, паведаміў на прэс-канферэнцыі дырэктар інфармацыйна-турысцкага цэнтра “Мінск” Аляксей Русакевіч. Паводле яго слоў, попыт на пражыванне ў гасцініцах у асноўным фарміруецца за кошт замежных турыстаў, доля  якіх перавышае 70%.

Расце доля замежных работнікаў у польскай эканоміцы

Нягледзячы на зніжэнне колькасці, выдадзеных замежнікам дазволаў на працу, іх доля ў польскай эканоміцы расце. У прыватнасці, сярод іх найбольш хутка расце група калумбійцаў, паведамляе Rzeczpospolita.

Паводле газеты, доля замежнікаў сярод работнікаў, зарэгістраваных Упраўленнем сацыяльнага страхавання (ZUS) у чэрвені павялічылася да 7,6% з 7,3% у канцы мінулага года. У ліпені ў рэестры упраўлення было  1 мільён 250 тысяч замежнікаў. Што цікава, расце колькасць калумбійцаў, якія з’яўляюцца ўжо пятай па велічыні групай замежнікаў, зарэгістраваных Упраўленнем сацыяльнага страхавання, пасля ўкраінцаў, беларусаў, грузінаў і індыйцаў. У канцы ліпеня іх было 17 900.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота ілюстрацыйнае: traveleru.com.