Аўстрыйская кампанія Wien Energie GmbH аб’явіла, што з наступнага года ўпершыню за апошнія дзесяцігоддзі адмовіцца ад выкарыстання расейскага паліва. Пра гэта паведамляе Bloomberg.
Кампанія, якая пастаўляе энергію 2 мільёнам жыхароў Вены, ужо атрымала 10 тэрават-гадзін энергіі з альтэрнатыўных крыніц, што складае каля 12% нацыянальнага спажывання, ад пастаўшчыкоў звадкаванага прыроднага газу з Паўночнай Афрыкі і іншых краін свету.
Кіраўнік фінансавага ўпраўлення Вены Петэр Ханке заявіў, што ва ўмовах агрэсіўнай вайны Расеі, незалежнасць ад яе газу з’яўляецца важнай для забеспячэння бяспекі паставак.
“Да 2025 года ўсе хатнія гаспадаркі, камерцыйныя кліенты і электрастанцыі будуць выкарыстоўваць газ, які не паходзіць з Расеі”, – акцэнтаваў ён.
Кампанія плануе працягваць закупляць газ праз Цэнтральнаеўрапейскі газавы тэрмінал, аднак будзе патрабаваць ад трэйдараў пацверджання, што паліва не паступае з Расеі.