BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

“Аднаўляльная энергетыка можа стаць асновай незалежнасці Беларусі”

У 2025 годзе ў Еўрапейскім звязе адбыўся істотны энергетычны зрух: упершыню электраэнергія, атрыманая з сонца і ветру, апярэдзіла вытворчасць з выкапнёвага паліва. Паводле аналітыкаў, ветравыя і сонечныя электрастанцыі забяспечылі каля 30 % усяго электраэнергетычнага балансу ЕЗ, у той час як газ, вугаль і нафта далі менш.

Эксперты падкрэсліваюць, што гаворка ідзе не толькі пра кліматычныя мэты, але і пра пытанні бяспекі і незалежнасці: уласная аднаўляльная энергетыка змяншае залежнасць ад імпарту і знешняга палітычнага ціску. Усё большую ролю ў гэтым працэсе адыгрываюць сістэмы захавання энергіі — акумулятары, якія дазваляюць пакрываць пікавы попыт без запуску дарагіх газавых станцый.

Фота з архіва Дзмітрыя Кучука

Сёння ў праграме «Госць Рацыі» мы размаўляем з эколагам, экспертам у галіне ўстойлівага развіцця і дарадцам Святлана Ціханоўская па пытаннях экалогіі Дзмітрыем Кучуком — пра тое, ці магчымы падобны энергетычны сцэнар для Беларусі, што перашкаджае пераходу на энергію сонца і ветру ўжо цяпер і ці можа аднаўляльная энергетыка стаць для нашай краіны асновай сапраўднай эканамічнай і палітычнай незалежнасці.

РР: На чым палягае зараз энергетычная палітыка Еўразвяза і наколькі сапраўды зараз адбываецца пераход ад звыклых крыніц энергіі да ўзнаўляльных крыніц?

Дзмітрый Кучук: Лічбы кажуць самі за сябе, таму што зялёная энергетыка набірае абароты ў большай частцы ў Еўразвязе і ў асобных краінах. Гэта ўжо каля 37% энергасістэмы, калі казаць пра Літву, атрымліваюць за кошт ветру і сонца. З улікам таго, што зіма была вельмі халоднай, з гэтым справілася зялёная энергетыка, гэта вельмі добры паказчык таго, што сама генерацыя электраэнергіі з’яўляецца ўстойлівай. Я лічу, што ў будучыні зялёная энергетыка яшчэ больш узмоцніць свае пазіцыі ў параўнанні з газам, я ўжо не кажу пра атамную энергетыку, калі атамная энергетыка становіцца адной з самых дарагіх генерацый электраэнергіі на планеце.

Фота з адкрытых крыніц

РР: У Польшчы і Германіі, якія застаюцца буйнымі спажыўцамі вугалю, ідзе балючы, але незваротны працэс адмовы ад яго. І мы бачым гэтыя крокі. А якія ўрокі з гэтага досведу найбольш важныя для Беларусі?

 Дзмітрый Кучук: Беларусь, калі пойдзе шляхам таго, што будзе развіваць ветра- і сонечную генерацыю электраэнергіі, яна атрымае ў першую чаргу незалежнасць, калі мы гаворым пра атамную станцыю, мы гаварылі гэта генерацыя ў Беларусі каля 30%. Прыклады таго ж Еўразвязу, дзе зялёная энергетыка прыкладна каля 30% – 40% усёй генерацыі, якая генерыруецца  ў гэтых краінах. Адпаведна, мы пераходзім на гэты шлях зялёнай энергетыкі і ні ад каго не залежым, то бок, ні ад Расеі і яе газу, ні ад паставак ядзернага паліва з боку Расеі, ну і закрываем каля 30 – 40 адсоткаў патрэб у электраэнергіі  ў краіне і атрымліваем яшчэ вельмі танную электраэнергію. Гэта таксама вельмі важна для прамысловасці, для самога насельніцтва, калі насельніцтва будзе яшчэ ў сваіх дамах выкарыстоўваць сонечныя панэлі. А ў прыватных застройках людзі будуць яшчэ і не залежаць ад дзяржавы. І калі будуць развівацца энергетычныя кааператывы, то людзі яшчэ змогуць зарабляць на ветры і сонцы. У Беларусі ўлады гэтым зараз фактычна не займаюцца, думаюць пра будаўніцтва трэцяга энергаблока АЭС, але гэта ўсё ўчарашні дзень, то бок, абсалютна не тое, што зараз патрэбна Беларусі.

Цалкам гутарка:

Фота: tech.onliner.by

Вольга Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя