Сёлета больш за 1,5 млн чалавек пройдуць аздараўленне ў санаторыях Беларусі. З іх больш за 240 тысяч іншаземцаў. У параўнанні з 2023-м на 15% вырасце сума выручкі – да больш чым 1,2 млрд рублёў.
На студзень наступнага года ўжо забраніравана больш за 70% месцаў у санаторыях, а на люты – 50% месцаў. Пры гэтым кошт пуцёвак на гэтыя месяцы ў параўнанні з бягучым перыядам павялічыўся ў межах 5%. Такі ж рост кошту чакаюць і на працягу першага паўгоддзя 2025 года.
Па выніках IV квартала сярэдні кошт пуцёўкі ў санаторыі плануюць на ўзроўні 115 рублёў за адзін ложка-дзень у стандартным двухмесным нумары, а сярэднегадавы кошт – каля 110 рублёў. (Office Life)
ЕАБР прагназуе запаволенне росту беларускага ВУП
Еўразійскі банк развіцця прадставіў макраэканамічны прагноз для краін аперацый банка на 2025-2027 гады. Эксперты чакаюць, што сёлета ВУП Беларусі вырасце на 4,3%, а ў 2025 годзе замарудзіцца да 2,6%. У наступныя два гады тэмпы росту айчыннай эканомікі прадоўжаць запавольвацца да 1,9 працэнта і 1,5 працэнта адпаведна.
У банку прагназуюць паступовае паскарэнне інфляцыі. У гэтым годзе яе ацэньваюць у 5,9%, у наступным яна паскорыцца да 6,6%. У 2026 годзе рост коштаў дасягне 7,9%, а ў 2027-м крыху замарудзіцца да 7,4%.
Беларускі аўтарынак у лістападзе паказаў “спакойны рост”
Пра гэта гаворыцца ў каментарыі гендырэктара “БелДжы”. «У лістападзе рынак продажаў легкавых аўтамабіляў дэманстраваў спакойны рост у параўнанні з кастрычнікам. Агульны прырост склаў 633 адзінкі, што эквівалентна 12,7%. У сегменце электрамабіляў назіраўся значны рост на 187 адзінак, ці 41,6%. Павелічэнне аб’ёму продажаў спрыяе адкрыццю новых дылерскіх цэнтраў па продажах і сэрвісным абслугоўванні легкавых аўтамабіляў у Рэспубліцы Беларусь, а таксама развіццю інфраструктуры для эксплуатацыі электрамабіляў», – гаворыцца ў каментарыі.
Пакуль гэта найменш змястоўны каментарый аб выніках продажаў дылераў Беларускай аўтамабільнай асацыяцыі у гэтым годзе.
Цана біткойна ўпершыню ў гісторыі перавысіла 100 тысяч даляраў
Цана біткойна ўпершыню ў гісторыі паднялася вышэй за $100 тыс. — на біржы Binance была зафіксавана цана ў $100184.
У лістападзе крыптавалюта пачала расці ў цане пасля выбараў прэзідэнта ЗША, на якіх атрымаў перамогу Дональд Трамп. На той момант цана была на адзнацы $68 тыс. Такі рост звязаны з заявамі рэспубліканца аб крыптавалютным рынку. Трамп, у прыватнасці, абяцаў зрабіць ЗША «крыптасталіцай планеты» і назапасіць запас біткойнаў. «Калі крыптавалюта будзе вызначаць будучыню, я хачу, каб яе майнілі, чаканілі і выраблялі ў ЗША», — заявіў Трамп.
На фоне павышэння цаны біткойна таксама сталі расці акцыі кампаній, якія займаюцца майнінгам і гандлем крыптавалютамі. (nashaniva.com)
Беларускае Радыё Рацыя
Фота ілюстрацыйнае з адкрытых крыніц