Белстат апублікаваў звесткі пра заробкі беларусаў за сакавік, і выявілася, што айцішнікі больш не лідзіруюць па ўзроўні заробкаў.

Найвышэйшы сярэдні заробак у сакавіку была зафіксавана ў грузавым паветраным транспарце. Яна склала 8263,3 рубля, то бок рост на 87,4% у рэальным выражэнні год да года. Лётчыкі апярэдзілі айцішнікаў, якія апошнія гады лідзіравалі па памеры сярэдняга заробку ў краіне.
У сферы ІТ сярэдні заробак у сакавіку павялічыўся на 649,1 рубля у параўнанні з лютым і склаў 7937,7 рубля. А ў рэальным выражэнні адносна сакавіка 2024 года знізіўся на 3,5%, nashaniva.com.
Беларуская кампанія працуе на расейскі ВПК
Беларускі расследавальніцкі цэнтр выпусціў новы матэрыял пра беларускую кампанію “Ізавак”, якая пастаўляла сваю прадукцыю прадпрыемствам расейскага ВПК на сотні мільёнаў даляраў падчас поўнамаштабнай вайны ва Украіне. Кампанія “Ізавак” ужо 33 гады займаецца вакуўмнымі тэхналогіямі, але ў групе кампаній “Ізавака” ёсць фірма “Ізатэк-М”, якая і займаецца “цёмнымі схемамі”.
У снежні 2023 года “Ізатэк-М” прадала расейскай кампаніі ТАА “НМ-Тэх” ужываную ўстаноўку плазменнага траўлення амерыканскай гандлёвай маркі Applied Materials. Гэта важны і дэфіцытны для Расеі кампанент вайсковай тэхнікі. Пастаўкі такой амерыканскай тэхнікі ў Расею забароненыя правіламі экспартнага кантролю ЗША. Пры гэтым летась “НМ-Тэх” дадала да сваіх шматлікіх відах дзейнасці новы — вытворчасць зброі і боепрыпасаў.
Беларусы пакінулі ў Грузіі менш грошай
У першым квартале Грузію наведала больш за 17 тысяч беларусаў, яны выдаткавалі амаль 16 мільёнаў даляраў. Гэта амаль на чатыры працэнты менш год да года. Беларусь размясцілася на дзясятым месцы пасля Турцыі, Расеі, Арменіі, Ізраіля ды іншых краін, піша “Позірк”.
Таксама Грузія стала адной з краін, куды выязджаюць беларусы, якія ратуюцца ад рэпрэсій. Там можна знаходзіцца 364 дні ў годзе, віза не патрэбная. На пачатак мінулага года беларусы з’яўляліся трэцяй па колькасці замежнай групай у Грузіі пасля расейцаў ды ўкраінцаў.
Наступствы гандлёвай вайны паміж ЗША і Кітаем
ЗША у пачатку красавіка ўвялі пошліны на тавары з краін, з якімі ў штатаў ёсць дэфіцыт гандлёвага балансу. Акрамя таго, рашэннем Дональда Трампа была ўведзена мінімальная стаўка (10%) на імпарт з большасці краін свету. Значна вышэй, 145%, супраць Кітая. Пекін адказаў на гэта ўвядзеннем 125-працэнтных пошлін на амерыканскія тавары.
Пётр Дзежаноўскі з Польскага інстытута міжнародных спраў кажа, што наперадзе шмат нявызначанасці:
— Пытанне ўдару па нямецкай аўтамабільнай прамысловасці, безумоўна, будзе важным для Польшчы, бо польскія кампаніі часта з’яўляюцца яе супастаўшчыкамі. У гэтай галіне могуць узнікнуць цяжкасці. Калі ўся сусветная эканоміка запаволіцца або апынецца ў крызісе, гэта, безумоўна, прывядзе і да запаволення тэмпаў росту польскага ВУП.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота: news.zerkalo.io






