У Беларусі ў мінулым годзе сабралі амаль на мільён тон менш бульбы, чым у пазамінулым годзе. Гэта звесткі Белстата, піша выданне “Беларусы і рынак”. Летась у краіне сабралі 3,1 млн. тон бульбы, а годам раней – больш за чатыры мільёны тон.

У снежні ўрад Беларусі ўвёў ліцэнзаванне вывазу бульбы за межы краіны. Прэм’ер Раман Галоўчанка ў канцы мінулага месяца заяўляў, што ніякай праблемы па бульбе няма, а ліцэнзаванне, паводле яго слоў, увялі для рэгулявання таварных патокаў. Хоць раней фермеры папярэджвалі, што ў Беларусі могуць узнікнуць перабоі з бульбай. Прадстаўнікі сельскай гаспадаркі казалі, што яе вырошчванне стала стратным з прычыны стрымлівання цэн. У выніку некаторыя гаспадаркі паменшылі плошчы пад пасадку бульбы, піша news.zerkalo.io.
“Беларусь працягвае гандляваць з Захадам” – Лукашэнка
Беларусь працягвае гандляваць з краінамі Захаду, нягледзячы на санкцыі, вынікае з заявы Аляксандра Лукашэнкі 17 студзеня на нарадзе па пытаннях знешнегандлёвай дзейнасці. Паводле слоў спікера, якія прыводзіць яго прэс-служба, гэта адбываецца, хаця Захад “нібыта не хоча” супрацоўнічаць з Беларуссю ў галіне эканомікі: “Мы са сваёй прадукцыяй абсалютна не патрэбныя, мы гэта цудоўна разумеем — лішняя канкурэнцыя ў галіне аўтамабілебудавання, іншых галін не ўваходзіць у парадак дня заходніх дзяржаў, якія падганяюцца ЗША”. На гэтым фоне Беларусь, адзначыў ён, “больш за ўсё сёння гандлюе на ўсходнім напрамку”, ёсць два ключавыя рынкі — Расея і Кітай.
Нагадаем, што актыўны гандаль з краінамі Захаду спыніўся пасля ўвядзення санкцый у дачыненні да рэжыму Лукашэнкі за дапамогу ў вайне Расеі супраць Украіны, піша “Позірк”.
Беларусбанк аднавіў прыём пашкоджанай замежнай валюты
У тэлеграм-канале Беларусбанка паведамілі, што банк аднавіў прыём наяўнай замежнай валюты ў далярах ЗША і еўра, якая мае пашкоджанні. Пашкоджаныя купюры будуць прымаць з камісіяй 5% ад сумы валюты ў эквіваленце беларускіх рублёў (але мінімальная сума камісіі — 25 рублёў). Дадаткова кліент пакрывае суму расходаў, панесеных банкам у рамках дагаворных адносін з банкамі-контрагентамі.
Беларусбанк таксама заявіў, што ў яго няма абмежаванняў па прыёме даляраў старога ўзору. Уся валюта ЗША застаецца законным плацежным сродкам, незалежна ад таго, калі яна была выпушчаная. Перад гэтым шырока распаўсюдзіліся чуткі, што ў беларускіх банках будуць прымаць толькі даляравыя купюры найноўшых узораў. (nashaniva.com)
Працэнтныя стаўкі і інфляцыя ў Польшчы
Рада па грашова-крэдытнай палітыцы Польшчы прыняла рашэнне па працэнтных стаўках. Паведамляецца, што яны застаюцца на цяперашнім узроўні. Асноўная стаўка ў Цэнтральным банку на наступны месяц складзе 5,75%.
У прэс-рэлізе Рада засяродзілася на характарыстыцы эканамічнай сітуацыі ў Польшчы і іншых краінах. Яна прагназуе, што ў бліжэйшыя кварталы інфляцыя застанецца вышэй за мэтавы ўзровень. Дарэчы, Міжнародны валютны фонд прагназуе, што сёлета інфляцыя ў Польшчы складзе 4,5%. Галоўнае статыстычнае ўпраўленне Польшчы паведаміла, што па выніках мінулага года было 4,7%.
Беларускае Радыё Рацыя.
Фота з адкрытых крыніц.






