BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Алесь Аляхновіч пакідае працу ў камандзе Ціханоўскай

Святлана Ціханоўская паведаміла пра змены ў сваёй камандзе: дарадца па эканоміцы Алесь Аляхновіч завяршыў працу ў Офісе па асабістых абставінах.

Алесь Аляхновіч

«Алесь Аляхновіч далучыўся да нашай каманды ў 2020 годзе і забяспечыў нашу працу па эканамічных пытаннях на прафесійным узроўні. Ён аб’яднаў больш за 60 вядомых эканамістаў з розных краін, каардынаваў працу з аналітычнымі цэнтрамі, дапамагаў распрацоўваць праграмы рэформаў — ад фінансавай стабільнасці да зялёнай эканомікі, працаваў над Стратэгіяй пераходу да Новай Беларусі», — прыводзіць словы Ціханоўскай яе прэс-служба.

Дадам, што на Канферэнцыі «Новая Беларусь» была прадстаўлена новая кіраўніца па эканоміцы і фінансах у Аб’яднаным пераходным кабінеце — Аліса Рыжычэнка.

«Пазыкі ўзялі, вярнуць не могуць»

На нарадзе Лукашэнкі з кіраўніцтвам урада быў разгледжаны праект указа, які мае на мэце комплекснае фінансавае аздараўленне машынабудаўнічага холдынга «Амкадор». Лукашэнка назваў яго «найважнейшым і найкаштоўнейшым заводам», які цяпер, аднак, знаходзіцца ў складанай сітуацыі, піша БелТА.

Сёння холдынг «Амкадор» перажывае цяжкія часы. Лукашэнка заявіў, што адной з прычын цяжкасцяў магло стаць пастаяннае пашырэнне асартыменту і выпуск многіх навінак, на што браліся пазыкі. Лукашэнка адзначыў, што цяпер, маўляў, не час распыляцца на ўсе віды прадукцыі, неабходна засяродзіцца на найбольш запатрабаваных і серыйных мадэлях, забяспечваючы іх якасць і канкурэнтаздольнасць. Усе новыя праекты павінны фінансавацца толькі за кошт уласных сродкаў холдынга, бо дзяржава ўжо нібыта не будзе выдаваць крэдыты пад рызыку непагашэння.

Ва Узбекістане адкрылася сетка крам з беларускімі прадуктамі

У сталіцы Узбекістана, Ташкенце, адбылося афіцыйнае адкрыццё сеткі крамаў беларускіх прадуктаў «Дары Беларусі». У цырымоніі ўдзельнічалі Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Беларусі ва Узбекістане Аляксандр Агароднікаў і мітрапаліт Ташкентскі і Узбекістанскі Вікенцій, паведамляе МЗС Беларусі.

Першая крама адчынілася ва Узбекістане ў траўні ў рамках тэставага запуску. На сённяшні дзень у краіне працуе 12 беларускіх крам. Да канца года плануецца адкрыць яшчэ 28 гандлёвых кропак. У планах на 2026 год — развіццё сеткі да 150 крамаў з асартыментам каля 1300 найменняў прадуктаў харчавання беларускай вытворчасці.

Эканоміка Польшчы паскараецца

Польская эканоміка дэманструе найбольш упэўнены рост за апошнія гады. Паводле аператыўнай ацэнкі Галоўнага статыстычнага ўпраўлення (GUS), у другім квартале 2025 года валавы ўнутраны прадукт краіны павялічыўся на 3,4% у гадавым выражэнні. Гэта лепшы паказчык з канца 2022 года і вышэйшы за вынік першага квартала, паведамляе партал biznesalert.pl.

Аналітыкі адзначаюць, што асноўным рухавіком росту стала прыватнае спажыванне, якое падтрымліваецца стабільным рынкам працы і ростам заробкаў. Значны ўклад зрабілі і дзяржаўныя інвестыцыі, хоць прамысловасць застаецца ў стане стагнацыі, а будаўнічы сектар скарачае аб’ёмы. Паводле ацэнак банка ING, найбольш актыўна развіваюцца паслугі.

Беларускае Радыё Рацыя.

Фота: rada.vision