Прадстаўніцтва па эканоміцы і фінансах Аб’яднанага Пераходнага Кабінета плануе стварыць анлайн-школу па штучным інтэлекце і AI-праграмаванні для беларусаў. Пра гэта кіраўніца прадстаўніцтва Аліса Рыжычэнка – Госця Рацыі – распавяла на прэзентацыі стратэгічнага бачання развіцця беларускай эканомікі ў перыяд дэмакратызацыі. Вынікі той сустрэчы дзяячка падвяла ў гутарцы з нашай журналісткай Марынай Савіцкай.

РР: Якія вынікі вы маглі б падвесці на сёння?
Аліса Рыжычэнка: Самы галоўны вынік і рэзультат прэзентацыі – гэта тое, што прыцягнутыя эксперты, эксперты правільныя, да наступнай працы, дзеля таго, каб распрацаваць поўны пакет эканамічных рэформаў, які будзе ісці ва ўзаемадзеянні з рэформай адукацыі і навукі. І мы фармуем пул экспертаў, якія будуць працаваць па ўсіх кірунках. І будзе створаны на працягу наступнага года комплексны дакумент, які апісвае поўную трансфармацыю беларускай эканомікі, уключаючы другія галіны. Не толькі эканоміку.
РР: Што азначае “правільныя эксперты”?
Аліса Рыжычэнка: Правільныя эксперты – гэта значыць, што эканамісты не павінны займацца распрацоўкай рэформаў у адукацыі. Людзі павінны быць прафесіяналамі сваёй справы, і менавіта такіх экспертаў варта прыцягваць. Хто займаецца непасрэдна сваім накірункам.
Для рэформаў адукацыі нам патрэбныя спецыялісты, якія займаюцца адукацыяй. Для рэформы навукі нам патрэбныя спецыялісты, якія займаюцца рэформамі ці разумеюць, як павінны выбудоўвацца працэсы ў сферы навукі і даследаванняў. Для рэформы эканомікі нам патрэбныя эксперты-эканамісты, якія распрацоўваюць рэформы эканомікі. Таму што мая задача не толькі распрацаваць пакет рэформ, мая задача – аб’яднаць самыя лепшыя практыкі і распрацаваць лепшы варыянт для беларускай трансфармацыі.
РР: Ці можам мы цяпер акрэсліць некаторыя прозвішчы гэтых людзей, экспертаў?
Аліса Рыжычэнка: Так, канешне. У нас па адукацыі будзе працаваць Павел Церашковіч, Андрэй Лаўрухін. Хутчэй за ўсё мы будзем яшчэ прыцягваць Святлану Мацкевіч. Андрэй Казакевіч будзе прыцягвацца для распрацоўкі рэформ у навуцы, для больш дэтальнага і глыбокага даследавання ў гэтай галіне. Па эканоміцы я магу агучыць прозвішчы Данэйка, Львоўскі. Хутчэй за ўсё мы таксама будзем звяртацца да Анастасіі Лузгіной.
Будуць у тым ліку эксперты з Еўрапейскага звязу. Зараз я не буду называць іх прозвішчы, але нам таксама важна казаць пра рэформы Нацыянальнага банка. На сёння ў мяне ёсць дамовы з прадстаўнікамі Нацыянальнага банка Аўстрыі для абмену экспертызай. І іншыя эксперты нам будуць неабходныя для таго, каб працаваць для ўкаранення еўрапейскіх стандартаў і нормаў у наша заканадаўства, менавіта ў эканамічным праве. Таму гэта будуць эксперты з розных галінаў, але пакуль я агучыла тых, хто, хутчэй за ўсё, будзе прыцягнуты з беларускіх экспертаў.
Цалкам гутарка:
Беларускае Радыё Рацыя






