BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Аляксандр Кныровіч крытыкуе эканамічныя санкцыі супраць Беларусі

“Можна ўводзіць асобныя кропкавыя тэхналагічныя санкцыі, але нельга ставіцца да санкцый так, што Беларусь працуе на вайну ці на рэпрэсіі і таму яе трэба губіць”, — такое меркаванне выказаў прадпрымальнік і блогер, сябра Каардынацыйнай рады Аляксандр Кныровіч на канферэнцыі “Новая Беларусь” у Вільні.

Фота: Belsat.eu (Аляксандр Кныровіч)

“Рэпрэсіі і праца “на вайну” — гэта вельмі невялікая частка ўсёй эканомікі”. “80% эканомікі працуе на падтрымку тых людзей, якія знаходзяцца ў краіне. За кошт бюджэту атрымліваюць заробак лекары, настаўнікі, за кошт адлічэнняў ад заробку фарміруецца пенсійны фонд”, — сказаў ён.

“Цалкам забіваць эканоміку за тое, што яна нейкай сваёй часткай працуе на вайну, — гэта згубны і тупіковы шлях”, — заявіў Кныровіч. На яго думку, санкцыі павінны ўводзіцца, каб “паказаць чырвоную картку дыктатару”, а не дзеля дасягнення “канкрэтных эканамічных эфектаў”. (Позірк)

У тытунёвай галіне Беларусі з’явіліся “трывожныя тэндэнцыі”

Аляксандр Лукашэнка правёў нараду па пытаннях удасканалення парадку вытворчасці і рэалізацыі тытунёвых вырабаў у Беларусі. Паводле яго, больш за 20 гадоў таму ў краіне востра стаяла праблема вытворчасці і рэалізацыі тытунёвых вырабаў. Аднак сітуацыю ўдалося выправіць. Таксама, паводле Лукашэнкі, Беларусь звяла да мінімуму ўплыў санкцый на тытунёвую сферу, забяспечваючы прадпрыемствы неабходнай сыравінай і матэрыяламі. Дзякуючы гэтаму ў 2023 годзе “тытунёвыя” даходы былі адной з самых важных частак у бюджэце краіны – іх аб’ём склаў 2,5 мільярды беларускіх рублёў. Тым не менш, тэндэнцыі насцярожваюць:

– Прычыны могуць быць розныя, але неабходна выпрацаваць меры, каб, сыходзячы з інтарэсаў дзяржавы і працоўных калектываў, па максімуму захаваць аб’ёмы вытворчасці і экспарту”, – заявіў Лукашэнка.

Абваліўся фінансавы рынак Азіяцка-Ціхаакіянскага рэгіёна

Рынак Азіяцка-Ціхаакіянскага рэгіёна на фоне даных аб росце беспрацоўя ў ЗША і магчымай рэцэсіі пачаў імкліва зніжацца.

Японскі індэкс Nikkei страціў 10%, і апусціўся ніжэй за ўзровень чорнага панядзелка 1987 года. На ім таргуюцца акцыі Honda, Mazda, Mitsubishi, Nissan, Panasonic Nintendo. Балансавы індэкс Тайваня Taiex упаў больш чым на 8. Паўднёвакарэйскі KOSPI — больш чым на 9%, індэкс Straits Times Сінгапура — больш чым на 4%, All Ordinaries Аўстраліі — больш чым на 3%.

Біткойн за ноч апусціўся на 15 працэнтаў і рухнуў ніжэй за 50 тысяч даляраў. Тым часам цана нафты Brent упала ніжэй за $76 за бараль упершыню амаль за сем месяцаў. Гэтая сітуацыя адбілася рэхам ва ўсім свеце. (НН)

Беларускае Радыё Рацыя