Беларусь працягвае знаходзіцца пад заходнімі санкцыямі. Нават улады прызнаюць, што пад санкцыйным уплывам аказалася чвэрць беларускай эканомікі, у тым ліку асноўныя прамысловыя і валаўтваральныя прадпрыемствы. І хоць улады працягваюць казаць пра славутую стабільнасць, на думку палітыка і бізнес-блогера Аляксандра Кныровіча, гэтая стабільнасць даволі крохкая:
– Так, мы атрымалі невялікія выгады ад таго, што паўдзельнічалі ў вайне – нашы прадпрыемствы атрымалі заказы. Таксама недахоп працоўных рук вельмі дзіўным чынам адбіўся на беларускіх заробках, яны выраслі непрапарцыйна росту ВУП. Але залежнасць ад Расеі павялічылася да манапольнай – амаль 70% знешнега гандлю, інвестыцыяў і нашых знешніх даўгоў. І таму зараз становішча такое, адзін крок управа ці ўлева – і ад гэтай крохкай стабільнасці не застанецца нічога.

Аляксандр Кныровіч падкрэслівае, што санкцыі – гэта не інструмент, які мог прымусіць Лукашэнку нешта зрабіць, напрыклад, вызваліць палітвязняў. Санкцыі – гэта адказ на дзеянні Лукашэнкі, такія як саўдзел у вайне і рэпрэсіі супраць грамадства. Таму санкцыі працуюць, як і павінны былі працаваць, лічыць эксперт.
Беларускае Радыё Рацыя






