BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Аляксей Харкевіч: Заробкі адарваныя ад рэальнай эканамічнай сітуацыі

Таваразварот паміж Расеяй і Беларуссю вырас на 1,8% за перыяд студзень-кастрычнік. Пра гэта заявіў кіраўнік адміністрацыі кіраўніка дзяржавы Дзмітрый Круты. Што гэта азначае для эканамічнага суверэнітэту Беларусі? І якія негатыўныя наступствы ў доўгатэрміновай перспектыве? На гэтыя і іншыя пытанні адказвае Госць Рацыі –  эканаміст Аляксей Харкевіч у гутарцы з Юліяй Сівец.

Аляксей Харкевіч
Аляксей Харкевіч

РР: Кіраўнік адміністрацыі Дзмітрый Круты заявіў, што таваразварот у студзені-кастрычніку вырас на 1.8%. Што стаіць за гэтымі сухімі лічбамі?

Аляксей Харкевіч: У першую чаргу працягваецца замяшчэнне еўрапейскага рынку. І калі мы паглядзім на статыстыку Еўрастата, то можам заўважыць проста абвальнае падзенне гандлю з Беларуссю ў 2025 годзе. Тыя дадзеныя, якія ўжо ёсць у Еўрастаце за першыя тры кварталы 2025 года, сведчаць пра тое, што пастаўкі з Еўропы ў Беларусь скараціліся прыкладна ў паўтара разы. Пастаўкі з Беларусі ў Еўропу скараціліся прыкладна ў тры разы. Так, гэта цяпер не тыя велічыні, якія былі да 2022 года, калі параўноўваем з 2024 годам, і то да гэтага адбылося даволі значнае падзенне. І Еўразвяз ужо не займае папярэднюю долю. Гэта кажа пра тое, што на фоне палітычных падзеяў 2025 года цяперашні гандаль менавіта ў бок Еўропы вельмі моцна ўсох сёлета.

РР: Колькі гэта ўвогуле азначае прывязанасць да расейскага рынку і наколькі лёгка будзе потым ад яго адарвацца?

Аляксей Харкевіч: Гэты працэс ідзе ўжо не адзін год, па-сутнасці ён актывізаваўся з моманту поўнамаштабнага ўварвання расейскіх войскаў ва Украіну. З кожным годам мы бачым, што Расея фактычна падмінае беларускі рынак, у тым ліку і беларускія прадпрыемствы пачынаюць працаваць на расейскую эканоміку. Расейцы выдаюць крэдыты менавіта пад свае мэты беларускім прадпрыемствам, якія вымушаныя перапрафіляваць вытворчую праграму пад расейскі рынак, а не пад тых кліентаў, якія былі да 2022 года. Таму гэты працэс доўга цягнецца. Расея фактычна інкарпаруе беларускую эканоміку ў сваю прастору. Думаю, што ў наступным годзе гэта будзе толькі працягвацца.

РР: Для спажыўцоў, для жыхароў Беларусі, што гэта будзе азначаць? Як гэта адлюструецца на іх дабрабыце?

Аляксей Харкевіч: Гэта комплексны момант. Калі глядзець на тут і цяпер, то статыстыка Белстата кажа пра тое, што прыбыткі насельніцтва, рэальныя прыбыткі насельніцтва, выраслі на 10% у 2025 годзе. Таму калі супастаўляць працэсы з пункту гледжання простых грамадзян, то негатыву тут для людзей не праглядаецца. Аднак трэба разумець, што ўвогуле эканоміцы ганарыцца асабліва няма чым, акрамя вось гэтага прыбытку насельніцтва, выкліканым павышэннем заробкаў. Таму што ВУП вырас за 10 месяцаў толькі на 1.5 %, а самае галоўнае – мы бачым падзенне прамысловасці. То бок вось гэты фактар, крэдыты для беларускіх прадпрыемстваў для таго, каб яны праводзілі перапрафіяляванне на гэты расейскі попыт, ён у 2025 годзе перастаў працаваць.

Прамысловасць спрацавала адмоўна на 1.3%. Адпаведна гэта для эканомікі не прыносіць пазітыўнага ўплыву. Але заробкі працягваюць расці, то бок фактычна мы кажам пра тое, што заробкі адарваныя ад рэальнай эканамічнай сітуацыі. І дзеля таго, каб падтрымліваць стабільнасць у грамадстве, фактычна можна сказаць, што друкуюцца грошы дзеля таго, каб у людзей не было нагоды негатыўна ацэньваць змены, якія адбываюцца.

Цалкам матэрыял:

Аляксей Харкевіч
Аляксей Харкевіч

Беларускае Радыё Рацыя