Амерыканская карпарацыя Amazon паспяхова вывела на арбіту першую партыю спадарожнікаў у рамках праекта Kuiper, запушчанага з мэтай стварэння сеткі спадарожнікавага інтэрнэту.

Фота: NASA HQ PHOTO/Flickr
Паводле інфармацыі замежных СМІ, ракетай-носьбітам Atlas V на арбіту выведзена 27 спадарожнікаў.
Спадарожнікі будуць размешчаны на нізкай наваколазямной арбіце на вышыні каля 600 км. Усяго ў межах гэтага праекта Amazon плануе вывесці на арбіту цягам бліжэйшых гадоў больш за 3200 спадарожнікаў, якія будуць працаваць у звязку з 12 наземнымі станцыямі.
Мяркуецца, што гэтая сістэма забяспечыць шырокапалосны доступ у інтэрнэт як мінімум са хуткасцю да 400 Мбіт/с. Спадарожнікі будуць выводзіцца на арбіту ракетамі кампаніі Blue Origin, якая таксама належыць уладальніку Amazon Джефу Безасу. Акрамя таго, з гэтай мэтай былі замоўлены запускі новых ракетаў у Еўропе.
Вывад спадарожнікаў Kuiper на арбіту робіць Amazon і Джефа Безаса паўнавартаснымі ўдзельнікамі «спадарожнікавай гонкі», у якой ужо спаборнічае шэраг аператараў спадарожнікавага інтэрнэту. Найбольш вядомы сярод іх — Starlink кампаніі SpaceX, уласнікам якой з’яўляецца амерыканскі мільярдэр Ілон Маск. Гэтыя спадарожнікі знаходзяцца на арбіце яшчэ з 2019 года, і іх агульная колькасць перавышае 7000 апаратаў.
Іншы вядомы падобны аператар — базаваны ў Еўропе правайдэр OneWeb, у якога на арбіце знаходзяцца сотні прылад.






