BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Аналітыкі заявілі пра тэндэнцыю аднаўлення ІТ-сектара ў Беларусі

Па выніках паўгоддзя ВУП у Беларусі вырас на 5% год да года, але за пяць месяцаў гэты паказчык быў вышэйшы — 5,2%. У той жа час Еўразійскі банк развіцця прагназуе рост ВУП на ўзроўні 3,4% па выніках года.

Аналітыкі Еўразійскага банка развіцця зазначаюць, што ў Беларусі фарміруецца тэндэнцыя аднаўлення галіны інфармацыйных тэхналогій. Асноўным жа лакаматывам эканомікі па-ранейшаму застаецца прамысловасць – плюс 7,1% год да года. Яна фарміруе каля 40 працэнтаў прыросту ВУП. Падтрымку аказвае і высокі ўзровень канчатковага спажывання: рознічны тавараабарот павялічыўся на 11,5 працэнта год да года.

Яшчэ адзін драйвер росту беларускай эканомікі – сельская гаспадарка (плюс 10,2% год да года), што шмат у чым звязана з апярэджаннем тэрмінаў уборкі збожжавых і нарыхтоўкі кармоў. Інвестыцыі таксама захоўваюць высокі рост (плюс 7,6%) на фоне стымулюючых мер урада. (Office Life)

Два беларускія банкі адмянілі абмежаванні па аперацыях за мяжой

БНБ-Банк адмяніў абмежаванні па аперацыях за мяжой. Яны былі ўведзеныя з 5 ліпеня і тычыліся як зняцця грошай, так і безнаяўных плацяжоў. «Для трымальнікаў картак Visa і Mastercard адмяняюцца ўведзеныя 5 ліпеня часовыя ліміты на здзяйсненне наяўных і безнаяўных аперацый за межамі Беларусі», — паведаміла фінансавая ўстанова. Пры гэтым банк пакінуў абмежаванні па некаторых безнаяўных плацяжах — па крыптакашальках і азартных гульнях на грошы (код аперацыі 7995).

Раней абмежаванні ў аперацыях за мяжой таксама ўводзіў «Белгазпрамбанк», але і ён з 18 ліпеня таксама іх паслабіў, прыгадвае «Наша Ніва».

Лукашэнка загадаў шукаць шляхі супрацоўніцтва з Еўразвязам

Беларускім чыноўнікам загадана шукаць шляхі эканамічнага супрацоўніцтва з Еўразвязам. Такое даручэнне даў ім Аляксандр Лукашэнка на нарадзе 22 ліпеня.

“Гэта нашы суседзі — Еўрапейскі звяз. З імі трэба знайсці шляхі супрацоўніцтва. Калі ім трэба нешта купіць, а нам трэба прадаць у іх на рынку — гэта ўзаемавыгадны інтарэс”, — перадае словы Лукашэнкі яго прэс-служба. Ён падкрэсліў, што асноўнымі рынкамі для беларускай прадукцыі застаюцца Расея і Кітай: “Гэта нашы традыцыйныя партнёры. Гэта наш “якар”. Аднак дыверсіфікацыю экспарту ён назваў галоўнай мэтай: “Мы ўсё ўмеем рабіць, але галоўнае — прадаць. Попыт на нашу прадукцыю ёсць. Дзяржавы, якія гатовыя купляць нашу прадукцыю, таксама ёсць”, – дадаў Лукашэнка.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота з адкрытых крыніц