BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Апублікаваны закон аб бюджэце на 2025 год

На Нацыянальным прававым інтэрнет-партале афіцыйна апублікаваны закон аб рэспубліканскім бюджэце на 2025 год. Бюджэт сфармаваны з дэфіцытам у 4,46 млрд рублёў. Ён прадугледжвае далейшы рост выдаткаў на нацыянальную абарону, судовую ўладу, праваахоўную дзейнасць і забеспячэнне бяспекі.

У адпаведнасці з законам, даходы рэспубліканскага бюджэту ў 2025 годзе запланаваны ў памеры 45,835 млрд рублёў, выдаткі – амаль 50,3 млрд рублёў. У параўнанні з бюджэтам на 2024 год расходы павялічаны на 12,6 працэнта, даходы – на 14,9 працэнта. Памер дэфіцыту ў наступным годзе плануецца на 6,1 працэнта менш, чым у 2024.

БелАЭС ужо два тыдні не працуе, але ўлады пра гэта маўчалі

Абодва энергаблокі Беларускай атамнай электрастанцыі вось ужо два тыдні не выпрацоўваюць электрычнасць. І калі першы знаходзіцца на планавым рамонце, то другі адключаны з-за няспраўнасці контуру, які з’яўляецца носьбітам радыёактыўнага асяроддзя. Гэтую інфармацыю «Люстэрку» паведаміла крыніца, знаёмая з сітуацыяй.

У прыёмнай генеральнага дырэктара БелАЭС пацвердзілі, што другі энергаблок станцыі сапраўды не працуе, але не змаглі сказаць, з якога дня. У прыёмнай міністра энергетыкі супрацоўніца не валодала інфармацыяй.

Спыненне працы энергаблокаў станцыі не паўплывала на радыялагічную абстаноўку на прылеглых да яе тэрыторыях.

У Беларусь прыехала ў два разы больш працоўных мігрантаў, чым летась

У 2024 годзе ў Беларусі знайшлі працу каля 28,5 тысячы працоўных мігрантаў. Гэта ў два разы больш, чым было ў 2023.

Больш за ўсё прыехала грамадзян Туркменістана — каля 12,5 тысячы. Працуюць у Беларусі таксама мігранты з Расеі, Украіны, Кітая і краін Афрыкі. Усяго ў Беларусі працуюць больш за 60 тысяч іншаземцаў з больш чым 130 краін. Рост колькасці працоўных мігрантаў звязаны са зменамі заканадаўства. Як паведамілі ў МУС, 70% працоўных мігрантаў — гэта іншаземцы, якія працуюць у спрошчаным парадку. У асноўным мігранты ўладкоўваюцца на рабочыя спецыяльнасці. (Наша Ніва)

У ЕЗ забароняць продаж касметыкі ў міні-ўпакоўках і спецый у пластыку

Краіны-чальцы ЕЗ зацвердзілі новыя Палажэнні аб упакоўцы і адходах упакоўкі. Гэта элемент Еўрапейскай зялёнай здзелкі — флагманскага праекта Еўракамісіі.

Так, з 2030 года будзе  дзейнічаць забарона на продаж касметыкі ў мініяцюрнай пластыкавай упакоўцы. Кетчуп, гарчыцу і вяршкі для кавы нельга будзе падаваць у аднаразовай поліэтыленавай упакоўцы. Таксама з рынку знікне пластыкавая ўпакоўка для садавіны і агародніны, якая прадаецца ў колькасці менш за 1,5 кг. ЕЗ засяродзіцца на прасоўванні шматразовай упакоўкі. З 2030 года прадаўцы ежы і напояў на вынас павінны будуць прапанаваць спажыўцам магчымасць выкарыстання ўласнай тары, піша Беларуская служба Польскага радыё.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота ілюстрацыйнае з адкрытых крыніц