На рынку ўжо фактычна не засталося бізнес-цэнтраў, якія стаяць цалкам пустымі. Аднак новыя аб’екты могуць узмацніць канкурэнцыю, піша выданне Thinktanks.pro.
Пасля таго, як у мінулыя два гады Беларусь даволі масава пакідалі ІТ-спецыялісты, бізнес-цэнтры Менска апусцелі. Незапатрабаваныя плошчы даходзілі да 20% рынку. Аднак у бягучым годзе сітуацыя пачала вяртацца да нормы. Паводле даных аналітычнай кампаніі Colliers, з пачатку года вакантнасць знізілася на 5 працэнтаў і цяпер складае 13%. На рынку ўжо фактычна не засталося аб’ектаў, якія стаяць цалкам пустымі.
Калі не браць у разлік бізнес-цэнтры—новабудоўлі, уведзеныя ў эксплуатацыю ў апошнія месяцы, незапоўненым застаецца фактычна толькі адзін бізнес-цэнтр — Capital Palace.
Польскі бізнес дамагаецца спынення паставак угнаенняў з Беларус і Расеі
Польскі бізнес працягвае лабіраваць новыя абмежаванні для ўгнаенняў з Беларусі і Расеі. Як піша PAP, паводле дадзеных Еўрастата, у студзені-жніўні з Расеі ў Польшчу ўвезлі 862 тысячы тон азотных угнаенняў, што складае 26% ад агульнаеўрапейскага імпарту. Рост паставак звязаны з «дзіркай» у санкцыях. Адначасова канкурэнтаздольнасць польскіх і еўрапейскіх вытворцаў зніжаецца з-за больш высокіх цэн на асноўную сыравіну для вытворчасці азотных угнаенняў – прыродны газ.
Раней ужо паведамлялася аб прапанове ўвесці ўвазную мытную пошліну на ўгнаенні з Беларусі і Расеі ў памеры 30 працэнтаў. Таксама польскія вытворцы прапануюць пашырыць санкцыі і ўвесці механізмы кантролю за ўгнаеннямі, якія паступаюць на рынак краіны.
Прыгадаем, што беларускія прадпрыемствы «Беларуськалій» і «Гродна Азот», якія вырабляюць угнаенні, знаходзяцца пад санкцыямі Еўразвязу.
Павышаны падатак на люксавае аўто заплацяць каля 1200 беларусаў
У Беларусі каля 1200 уладальнікаў аўто класа “люкс”. Такую лічбу назваў міністр па падатках і зборах Сяргей Налівайка. У наступным годзе ў Беларусі з уладальнікаў люксавых аўто пачнуць браць павышаны маёмасны падатак. Згодна з новым варыянтам Падатковага кодэкса для аўтамабіляў класа “люкс”, маладзейшых за тры гады, падатак вырасце ў дзесяць разоў.
Міністр запэўнівае, што гэтае рашэнне не звязана з дадатковым пошукам грошай. Паводле яго, у гэтым выпадку больш правільна казаць пра сацыяльную справядлівасць.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота ілюстрацыйнае з адкрытых крыніц