Інвестары ва ўсім свеце пільна сочаць за вузкім марскім шляхам на Блізкім Усходзе, асцерагаючыся, што блакада Армузскага праліва можа парушыць глабальныя пастаўкі і цэны на нафту.

Як піша Business Insider, напружанасць у рэгіёне рэзка ўзрасла пасля таго, як у нядзелю ЗША нанеслі ўдар па ядзерных аб’ектах Ірана, выклікаўшы асцярогі магчымага адказу з боку Тэгерана: “Блакада Армузскага праліва Іранам мела б катастрафічныя наступствы. Пры найгоршым сцэнары гэта прывяло б да рэзкага росту цэн на паліва, павышэння інфляцыі, запаволення эканамічнага росту і больш высокіх працэнтных ставак».
Армузскі праліў цягнецца на 150 км і злучае Персідскі заліў з Індыйскім акіянам. На поўначы да яго прымыкае Іран, на поўдні — Аб’яднаныя Арабскія Эміраты і Аман. Праз Армузскі праліў ідзе каля чвэрці сусветнай марской нафты і пятая частка гандлю звадкаваным прыродным газам.
Нацбанк Беларусі павышае стаўку рэфінансавання
Нацбанк 25 чэрвеня павысіць стаўку рэфінансавання да 9,75% гадавых. Гэта азначае, што вырастуць працэнты па некаторых крэдытах — найперш за жыллё. На сёння стаўка рэфінансавання складае 9,5%.
Стаўка рэфінансавання — гэта працэнтная стаўка, якую Нацбанк выкарыстоўвае пры выдачы крэдытаў іншым фінансавым арганізацыям, напрыклад, камерцыйным банкам. Цяпер яе павышаюць, каб мінімізаваць рызыкі і стымуляваць інвестыцыйную актыўнасць. Адзначаецца, што рост заробкаў цяпер апераджае прадукцыйнасць працы, таму складваецца макраэканамічны дысбаланс. Гэта ўплывае на рост спажывання і імпарту, павялічвае ціск на плацежны баланс і вядзе да хуткага росту грашовай масы і паскарэння інфляцыі.
Якія тавары беларусы вязуць з Еўразвязу?
Беларусы часцей за ўсё прывозяць з краін Еўразвязу камп’ютары, смартфоны, шыны і колы. Пра гэта сведчаць папярэднія вынікі апытання Белстата ў пунктах пропуску цераз мяжу па выніках красавіка. У апытанні ўдзельнічала больш за 1 тыс. чалавек, больш за палова – нерэзідэнты Беларусі.
Найбольшую долю ўвезеных пакупак складаюць тавары з Польшчы (48,1% ад агульнага кошту) і Літвы (46,7%). Што да вывазу тавараў, то беларускую прадукцыю таксама часцей везлі ў Літву і Польшчу. Асноўнымі таварамі, якія вывозяць, аказаліся электрычная бытавая тэхніка, камп’ютарная тэхніка і сродкі сувязі, адзенне, абутак, бензін і дызельнае паліва, а таксама прадукты харчавання.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота з адкрытых крыніц.