BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Асаблівая ўвага — на агуркі і памідоры: урад карэктуе цэны

Прэм’ер-міністр Беларусі Аляксандр Турчын падпісаў пастанову, якая ўносіць шэраг змен у сістэму цэнавага рэгулявання. Як адзначаецца ў дакуменце, асноўная мэта — прадухіленне спекуляцыйнага росту цэн і абгрунтаванне павышэння цэн вытворцамі.

У прыватнасці, урад узяў пад кантроль рост цэн на агуркі і памідоры. Цяпер вытворцы не змогуць павышаць цэны на гэтыя прадукты больш чым на 0,3% у месяц без папярэдняга абгрунтавання перад Камісіяй па пытаннях дзяржаўнага рэгулявання цэн пры Савеце Міністраў. Акрамя таго, скарачаецца спіс тавараў, на якія распаўсюджваецца цэнавае рэгуляванне — з 211 да 199 пазіцый.

Беларусь закупіла яблыкі ў Дагестане

Дагестанскія яблыкі ўпершыню паступілі на беларускі рынак. Першая пастаўка дагестанскіх яблыкаў у Беларусь адбылася ў канцы лістапада. Гэта, як паведамляецца, стала магчымым пасля наведвання Дагестана прадстаўнікамі беларускага бізнесу. Кантракт аб пастаўках падпісала прадпрыемства «Брэсцкая міжраённая гандлёвая база».

У суд накіравана справа аб карупцыі на бабруйскай “Белшыне”

Дзевяць службовых асоб паўстануць перад судом па маштабнай карупцыйнай справе, паведаміла Генеральная пракуратура. Фігурантам у залежнасці ад іх ролі “інкрымінаваны атрыманне і дача хабару ў асабліва буйным памеры, перавышэнне службовых паўнамоцтваў, а таксама пасрэдніцтва ў хабарніцтве”.

“Згодна з матэрыяламі справы са снежня 2017 года па ліпень 2024 года на тэрыторыі Беларусі і Расеі была створана і дзейнічала арганізаваная група з ліку кіраўнікоў прадпрыемстваў, у тым ліку якія ўваходзяць у адзін з дзяржаўных канцэрнаў Беларусі”, — адзначаецца афіцыйна.

Для краін ЕАЭС на Кубе хочуць стварыць лагістычны хаб

На Кубе плануюць стварыць лагістычны хаб з ільготнымі ўмовамі для кампаній з краін ЕАЭС. Прэзентацыя праекта прайшла ў Гаване.

Лагістычны хаб хочуць пабудаваць на тэрыторыі асаблівай зоны развіцця “Марыэль”. Але для кампаній з краін ЕАЭС могуць прадугледзець дадатковыя ільготныя ўмовы. На думку прадстаўнікоў кубінскага ўрада, такі лагістычны цэнтр дапаможа пашырыць эканамічную прысутнасць ЕАЭС у рэгіёне і ў цэлым стаць пунктам уваходу на рынкі краін Лацінскай Амерыкі і Карыбскага басейна. Гэта важна для Беларусі і Расеі, якія ва ўмовах санкцыйных абмежаванняў шукаюць новыя для сябе экспартна-імпартныя напрамкі, піша Office Life.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота ілюстрацыйнае: news.by.