Пасля абвалу ў першым летнім месяцы ў ліпені продажы беларускіх аўтамабільных дылераў раслі.

Было прададзена, як паведамляе Беларуская аўтамабільная асацыяцыя, 4346 легкавых аўтамабіляў, што на 15,4% больш, чым у чэрвені. Пры гэтым ліпеньскія продажы паказалі другі вынік у бягучым годзе пасля рэкорднага лютага. Як піша «Беларусы і рынак», шмат у чым такі вынік стаў магчымы, дзякуючы рэкорднай рэалізацыі прадукцыі завода “БелДжы”. У ліпені вытворцы прадалі 2395 аўтамабіляў, што склала 55% усіх продажаў. На другім месцы па колькасці прададзеных машын – прадукцыя расейскай аўтамабілебудаўнічай кампаніі «АвтоВАЗ».
Пяць беларускіх вытворцаў патрапілі пад узмоцнены кантроль
Пяць беларускіх вытворцаў патрапілі пад узмоцнены кантроль Рассельгаснагляду. Расейскі орган выявіў неадпаведнасці ў прадукцыі беларускіх прадпрыемстваў, сярод якіх – перавышэнне колькасці мікраарганізмаў у мясных кулінарных вырабах, наяўнасць кішачнай палачкі ў малацэ і лістэрый у ялавічыне ды іншыя. Гаворка ідзе пра наступныя прадпрыемствы: Віцебская бройлерная птушкфабрыка, «МілкСтрэйт», Зэльвенскі і Шчучынскі філіялы Гарадзенскага абласнога спажывецкага таварыства і прадпрыемства «МПК Бараўлянскі». Як нагадвае myfin.by, раней Рассельгаснагляд забараніў увоз беларускай дурніцы, а таксама вярнуў у Беларусь партыю каўбасных вырабаў і вэнджаніны.
Найгоршы год для турызму ў польскіх Татрах за апошнюю дэкаду
У ліпені ў польскія Татры прыехала менш турыстаў, чым звычайна. Паводле ацэнак Татшанскай гандлёва-прамысловай палаты, занятасць жылля ў рэгіёне Падгалле не перавышала 70 працэнтаў. Галоўную ролю ў гэтым адыграла дажджлівае надвор“е. Пры гэтым уладальнікі гатэляў і пансіянатаў у Татрах з аптымізмам глядзяць на жнівень. На сёння некалькі дзясяткаў аб“ектаў распрадалі ўсе месцы, але цэны рэзка пайшлі ўгару. Пік летняга турыстычнага сезону ў Татрах чакаецца падчас доўгіх жнівеньскіх выходных, якія пачынаюцца ў пятніцу 15 жніўня ў сувязі з рэлігійным святам. У мінулым годзе ў жніўні польскія Татры наведалі больш за мільён чалавек.
Маштабны наступ Трампа афіцыйна ўступіў у сілу
7 жніўня, праз хвіліну пасля поўначы па ўсходнім часе, новыя пошліны, уведзеныя адміністрацыяй прэзідэнта Дональда Трампа, уступілі ў сілу. Яны ахопліваюць 70 краін і Еўрапейскі Звяз, што робіць іх адным з самых маштабных змяненняў у міжнароднай гандлёвай палітыцы за апошнія дзесяцігоддзі. Новыя тарыфы з’яўляюцца вынікам як гандлёвых перамоў, так і аднабаковых рашэнняў прэзідэнта ЗША. Адной з самых складаных праблем застаецца гандлёвы канфлікт з Кітаем, бо абодва бакі ўвялі ўзаемныя пошліны, якія перавышаюць 100%.
Беларускае Радыё Рацыя






