Цяпер на маркетплэйсе можна набыць сем відаў запасных частак для тактараў брэнда bztda.official. Інфармацыю аб гэтым на партале «Трактар.бел» заўважыла «Люстэрка».

«Першыя заказы ўжо пачалі паступаць, назіраецца невялікая, але стабільная дынаміка. Калі ўбачым, што прысутнасць на Wildberries сапраўды эфектыўна, будзем рыхтаваць выхад і на Ozon», — расказала Юлія Крук, начальніца бюро пратакола і рэкламы Бабруйскага завода трактарных дэталяў.
Другі энергаблок БелАЭС уключаны ў электрасеткі
Другі энергаблок БелАЭС уключаны ў электрасеткі. Ён прастойваў з 16 ліпеня, калі на ім спрацавала сігналізацыя. У Мінэнерга паведамляюць, што на блоку правялі “тэхналагічныя аперацыі па аднаўленні працы сістэмы ахаладжэння генератара”. “Цяпер блок працуе на намінальнай магутнасці”, — сцвярджае прэс-служба ведамства.
Раней чыноўнікі называлі сітуацыю штатнай і казалі, што яна не ўяўляе пагрозы бяспечнай эксплуатацыі станцыі: “Радыяцыйны фон на АЭС і ў зоне назірання не змяняўся. Электразабеспячэнне спажыўцоў не парушалася”.
Беларусам прыходзяць паведамленні ад падатковай
Беларусы пачалі атрымліваць паведамленні аб неабходнасці аплаты падатку на маёмасць за 2024 год, піша «Люстэрка». З 1 студзеня 2024 года падаткі на транспарт, зямлю і нерухомасць аб’ядналі ў адзін плацеж. Цяпер МПЗ павінна выставіць адзіную суму да аплаты замест трох асобных рахункаў, як было раней. Калі чалавек атрымаў рахунак толькі за нерухомасць, але таксама валодае зямельным участкам ці аўто, — пазней яму дададуць адпаведныя сумы падатку.
Усе паведамленні павінны прыйсці да 1 кастрычніка. Аплаціць падаткі трэба да 17 лістапада ўключна. Магчыма частковая або датэрміновая аплата.
Што беларусы найчасцей купляюць у інтэрнэце?
За 2024 год у Беларусі праз інтэрнэт прадалі тавараў амаль на 10,2 мільярда рублёў. Такія звесткі апублікаваў Белстат у вялікім аглядзе да Дня гандлю.
У пяцёрку самых папулярных тавараў увайшлі:
адзенне — 18,3%
электрабытавыя прыборы і інструменты — 15,8%
дэталі і прыналежнасці для аўтатранспартных сродкаў — 8,5%
будаўнічыя матэрыялы — 7,4%
парфумерна-касметычная прадукцыя і туалетныя прыналежнасці — 4,2%
Польшчу залівае хваля пасылак з Кітая
Насуперак заявам польскага старшынства ў ЕЗ, палякам не ўдалося адмяніць парог 150 еўра, ніжэй за які не трэба ўводзіць мытнай пошліны на грузы з-за межаў ЕЗ. Кітайскія кампаніі карыстаюцца гэтым, наносячы моцны ўдар па сваіх еўрапейскіх канкурэнтах, паведамляе Rzeczpospolita. Штодзёнка адзначае, што праблема з кітайскімі платформамі, такімі як Temu, AliExpress і Shein, нарастае ўжо некалькі гадоў, за якія кітайскія кампаніі атрымалі моцныя пазіцыі ў электроннай камерцыі.
Паводле выдання, толькі ў 2024 годзе на рынак ЕЗ з-за межаў супольнасці паступіла 4,6 мільярда пасылак коштам менш за 150 еўра, прычым за год іх колькасць падвоілася, а за два гады – патроілася.
Беларускае Радыё Рацыя.
Фота: МТЗ.






