Банк развіцця Рэспублікі Беларусь заявіў аб немагчымасці пагашэння еўрааблігацый на суму 500 мільёнаў даляраў. У сваім паведамленні банк спаслаўся на адсутнасць доступу да “вызначанай умовамі эмісіі заходняй інфраструктуры”, у сувязі з чым ён не мае “тэхнічнай магчымасці” выканаць свае абавязацельствы.
Праблемы ў банку патлумачылі “недружалюбнымі дзеяннямі шэрагу замежных дзяржаў”, якія пацягнулі сярод іншага “закрыццё карэспандэнцкіх рахункаў у доларах і адключэнне ад сістэмы SWIFT”.
ААТ “Банк развіцця Рэспублікі Беларусь” — спецыялізаваны дзяржбанк. Займаецца фінансаваннем інвестпраектаў, падтрымкай экспарту, малога і сярэдняга бізнесу. Знаходзіцца пад санкцыямі ЕЗ, Канады, Японіі, Новай Зеландыі, Украіны і Швейцарыі, піша “Позірк”.
Яшчэ адзін з беларускіх банкаў запусціў выдачу крэдытаў па QR-кодзе
ВТБ (Беларусь) запусціў выдачу экспрэс-крэдытаў на набыццё тавараў з выкарыстаннем QR-коду. Аформіць крэдыт на суму да 15 тысяч рублёў можна ў інтэрнэт-банку або дадатку VTB mBank. Сэрвіс працуе ў 20 крамах-партнёрах і будзе працягваць развівацца.
У рамках прапановы даступная растэрміноўка да 6 месяцаў або крэдыт да 5 гадоў. Для набыцця тавару ў крэдыт або растэрміноўку неабходна атрымаць у кансультанта крамы спецыяльны QR-код і адсканаваць яго ў анлайн-банку, выбраўшы пры афармленні “экспрэс-крэдыт па QR-кодзе”. Пасля гэтага застанецца запоўніць заяўку і дачакацца ўхвалення. Для афармлення патрабуецца толькі пашпарт, а рашэнне прымаецца за некалькі хвілін. Раней аналагічныя крэдыты стаў выдаваць Беларусбанк.
“Кіберпартызаны” заявілі пра новую атаку на «Гродна Азот»
Актывісты сцвярджаюць, што спрацавалі вірусы. Актывісты распавялі, што падчас першай атакі яны заклалі ў сістэму вірусы, якія будуць спрацоўваць па раскладзе. 2 мая спрацавала першая хваля, якая павінна была выдаліць даныя многіх сотняў ПК супрацоўнікаў, дакументаабарот, дамен-кантралёры і іншыя серверы. Па сцвярджэнні “Кіберпартызан”, на прадпрыемстве пачалася паніка. Дыспетчар загадаў выключыць камп’ютары. Акрамя таго, актывісты распавялі, што на прадпрыемства запрашалі цэлую брыгаду службы бяспекі. Актывісты абяцаюць, што выдаляць усе закладкі і вірусы, як толькі будуць вызваленыя палітвязні.
Беларускія мытнікі затрымалі груз польскіх яблыкаў
Пра выяўленне незаконнай схемы транзіту ў Расею польскіх яблыкаў паведаміў Дзяржаўны мытны камітэт. Затрымана 1,4 тыс. тон яблыкаў, якія перавозіліся пад выглядам малдаўскіх. Сцвярджаецца, што “ў махінацыях была задзейнічана 19 польскіх перавозчыкаў”. Загрузка прадукцыі адбывалася на складзе ў Польшчы, там жа і рыхтаваліся падробленыя дакументы, адзначае ведамства, словы якога перадае “Позірк”.
“На 70 партый тавараў перавозчыкі прадставілі падробленыя дакументы і фітасанітарныя сертыфікаты. У іх значылася, што адпраўніком выступае малдаўская фірма, а атрымальнікі — суб’екты з Кыргызстана і Казахстана”, — гаворыцца ў паведамленні. Кошт “увезенай у абыход забаронаў садавіны” перавысіў 4 млн рублёў, паведаміў мытны камітэт. Пачаты адміністрацыйны працэс. У якасці пакарання па гэтым артыкуле прадугледжаны штраф.
Беларускае Радыё Рацыя.
Фота з адкрытых крыніц.