Рост курсу даляра прымусіў беларускія банкі павысіць працэнтныя стаўкі па крэдытах на жыллё. Да прыкладу, Беларусбанк павялічыў стаўку па праграме “Іпатэка экспрэс” з 16 працэнтаў да 17 працэнтаў для кліентаў на агульных падставах, захаваўшы льготныя 12,5 працэнта для маючых патрэбу. Белінвестбанк таксама ўзняў стаўку па крэдытах на нерухомасць.

Аднак набыццё кватэр ускладнілася з-за падаражання кошту ў рублях на фоне паслаблення беларускай валюты. Многія пакупнікі адчуваюць цяжкасці з фінансаваннем, і колькасць здзелак скарачаецца. Сітуацыю пагаршаюць змены на рынку новага жылля. Урад робіць стаўку на развіццё арэнднага фонду. Гэта прывядзе да зніжэння прапановы новых камерцыйных кватэр, што можа падштурхнуць рост цэн на нерухомасць у Менску, піша banki24.by.
Лукашэнка збіраецца дапамагаць Танзаніі
Беларусь гатовая стаць для Танзаніі “надзейным партнёрам у ажыццяўленні самых амбітных планаў па развіцці ўласнай эканомікі”, адзначыў Аляксандр Лукашэнка, віншуючы 9 снежня прэзідэнта гэтай краіны Самію Сулуху Хасан з Днём незалежнасці.
Дыпламатычныя стасункі паміж Беларуссю і Танзаніяй усталяваныя 23 траўня 1996 года. Узаемны тавараабарот у 2021 годзе склаў усяго 8,85 млн даляраў. Менск пастаўляў Дадоме ў асноўным калійныя ўгнаенні, нафтапрадукты, вымяральнае абсталяванне, у зваротным кірунку ішла садавіна, агародніна, арэхі, кветкі ды іншае. Актуальных даных па двухбаковым гандлі ў адкрытым доступе няма.
У Польшчы з’явілася ідэя стварэння мегаполісу
Гэта праект новай метраполіі, якая аўтаматычна стане самай вялікай у Польшчы, паведамляе сайт next.gazeta.pl. Гаворка ідзе пра ператварэнне Górnośląsko-Zagłębiowskiej метраполіі ў адзін цэласны гарадскі арганізм. Цяпер метраполія ахоплівае 41 горад і муніцыпальныя адзінкі, займаючы плошчу 2,5 тысячы квадратных кіламетраў (плошча Варшавы – 517 квадратных кіламетраў). У цяперашні час на гэтай тэрыторыі пражывае больш за 2,1 мільёна жыхароў. Але ў горадзе Катавіцы, які з’яўляецца цэнтрам агламерацыі, пражывае 300 тысяч чалавек, і ў сусветным маштабе гэта вельмі мала. Буйным інвестарам складана патлумачыць, што гэта насамрэч мегаполіс з двума мільёнамі жыхароў.
Праект стварэння метраполіі пакуль мае шмат невядомых. Акрамя таго, не ўсе меншыя гарады перакананыя ў яго неабходнасці.
Цэны на масла ў Еўропе працягваюць рост
Значна выраслі цэны на сметанковае масла – пекары ў Еўропе анансуюць дарагую калядную выпечку. Прычыны: зніжэнне колькасці малака з-за засухі і хвароб, піша money.pl.
На аптовым рынку Еўразвязу цэны на масла дасягнулі адзнакі ў 8 тысяч еўра за тону, наблізіўшыся да рэкордаў 2022 года (яны, у сваю чаргу, былі звязаны з крызісам, выкліканым поўнамаштабнай вайной ва Украіне). Гэта перакладаецца на цэны на масла ў крамах: так, у Польшчы ў кастрычніку сярэдняя цана была 8,75 злотых за 200-грамовы кубік і гэта амаль на 35% больш у параўнанні з мінулым годам,
Беларускае Радыё Рацыя
Фота ілюстрацыйнае з адкрытых крыніц.






