BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Банкрутуецца ўнікальнае дзяржаўнае прадпрыемства

Эканамічны суд Віцебскай вобласці 12 ліпеня прыняў рашэнне па справе пра банкруцтва завода заточнага абсталявання “Візас”. З 2019 года завод знаходзіўся ў рэжыме дасудовага аздараўлення. З таго часу функцыянеры рабілі захады, каб пазбегнуць банкруцтва, але нягледзячы на даволі дарагую маёмасць, пяць гадоў іх намаганняў не далі плёну. Па справе аб банкруцтве ў суд звярнуліся самі акцыянеры прадпрыемства, якое з 2021 года знаходзіцца ў працэсе ліквідацыі пасля некалькіх фінансава цяжкіх гадоў.

“Візас” займаецца вытворчасцю заточных станкоў. Прадпрыемству больш за 120 гадоў. Яно было ўнікальным у сваім родзе, прадукцыю пастаўлялі на найбуйнейшыя прамысловыя прадпрыемствы Беларусі, яе таксама заказвалі дзясяткі краін. 98,7% акцый знаходзіцца ў руках дзяржавы. У штаце на пачатак бягучага года лічыліся два чалавекі. Пазыкі прадпрыемства перавышаюць 7 400 000 рублёў. (паводле «Зеркало»)

Заводы з акупаванай часткі Запарожжа хочуць працаваць з Беларуссю

Прадпрыемствы акупаванай часткі Запарожскай вобласці хочуць істотна павялічыць пастаўкі ў Беларусь. Дэлегацыя ліцейных прадпрыемстваў і члены прызначанага Масквой “урада” гэтага рэгіёну знаходзяцца з візітам у Беларусі. Заяўляецца, што штомесячныя пастаўкі высокатрывалага чыгуну плануецца павялічыць са 100 да 250 тон. Таксама абмяркоўваецца магчымасць продажу ў Беларусь турбакампрэсараў, нафтахімічнай тары, цыліндраў, размеркавальнікаў, змазачных-ахаладжальных вадкасцяў і іншай прадукцыі.

Так званы “выконваючы абавязкі намесніка старшыні ўрада па эканоміцы Запарожскай вобласці” Юрый Гуськоў паведаміў аб планах выхаду на Беларускую ўніверсальную таварную біржу, якую ён назваў “адным з інструментаў рэалізацыі прадукцыі запарожскіх вытворчасцяў”. («Позірк»)

Вядомы амерыканскі анлайн-банк спыніў абслугоўванне беларускіх кліентаў

Прыватны амерыканскі анлайн-банк Mercury разаслаў лісты кліентам з 37 краін аб спыненні абслугоўвання іх рахункаў. У спіс трапілі Беларусь, Расея, КНДР, Пакістан, Албанія, Харватыя, Боснія і Герцагавіна, а таксама Украіна. Забарона на абслугоўванне распаўсюджваецца на ўсіх уладальнікаў пашпартоў вышэйпералічаных краін (выключэнне — украінцы, якія жывуць у ЗША).

Асноўнай прычынай блакіроўкі банк называе санкцыі ЗША, а таксама факты карыстання плацежнай сістэмай Mercury і завядзення рахункаў у банку з боку рэзідэнтаў і кампаній з «рызыкоўных краін», якія тым самым маглі абыходзіць санкцыйныя абмежаванні. З-за гэтага супраць Mercury уладамі ЗША была распачатая праверка. Украіна трапіла пад блакіроўку, бо частка яе тэрыторый знаходзіцца пад расійскай акупацыяй, патлумачылі прадстаўнікі банка. («Наша Ніва»)

Беларускае Радыё Рацыя

Фота з адкрытых крыніц