BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

БЧ абмеркавала з “Кітайскімі чыгункамі” транзіт грузаў у ЕС

Перавозку грузаў кантэйнернымі цягнікамі абмеркавалі на сустрэчы ў Менску начальнік Беларускай чыгункі Уладзімір Марозаў і намеснік галоўнага інжынера дзяржкарпарацыі “Кітайскія чыгункі” Цзюй Гацзян.

“У ходзе сустрэчы абмеркаваныя пытанні ўзаемадзеяння па арганізацыі перавозак грузаў… у рамках кітайскай ініцыятывы “Адзін пояс, адзін шлях” па маршрутах Кітай — Заходняя Еўропа — Кітай транзітам праз тэрыторыю Рэспублікі Беларусь і Кітай — Беларусь — Кітай”, — гаворыцца ў паведамленні. Асаблівую ўвагу бакі надалі “праведзенай працы, накіраванай на стварэнне неабходных умоў для далейшай рэалізацыі праектаў па дастаўцы прадукцыі беларускіх прадпрыемстваў сухапутнымі маршрутамі ў Кітай”. Таксама абмяркоўвалася “павышэнне прапускной здольнасці чыгуначнай інфраструктуры на шляху руху кантэйнерных цягнікоў”.

Частка дэмакратычных сіл выступае за блакаванне перамяшчэння грузаў праз Беларусь у Еўрасаюз. (паводле “Позірк”)

Польшча перастала выпускаць у Беларусь люксавыя аўто па просьбе Латушкі?

Пачынаючы з 23 сакавіка Польшча перастала прапускаць у Беларусь аўтамабілі пэўных катэгорый і іншыя падсанкцыйныя тавары. Нібыта гэтае пытанне лабіраваў Павел Латушка. “Наша Ніва” спытала ў палітыка, які яго ўнёсак у гэтую справу. Латушка кажа, што ён неаднаразова агучваў свае прапановы па кантролі за выкананнем санкцый ды іх узмацненні пад час розных сустрэч з прадстаўнікамі ўрада Польшчы, Літвы і Латвіі, а таксама з Упаўнаважаным ЕС па пытаннях санкцый Дэвідам О’Саліванам. Пасля таго, як летась краіны Балтыі зрабілі больш жорсткім кантроль за выкананнем санкцый, НАУ накіравала прапанову Польшчы прыняць аналагічныя меры.

Папярэднюю інфармацыю аб прыняцці пастановы, на якую спасылаюцца польскія мытнікі, калі адмаўляюць пераганяць аўто праз мяжу, НАУ атрымала 22 сакавіка падчас сустрэчы ў МЗС Польшчы, за дзень да таго, як з’явіліся патрабаванні з боку польскай мытні. “Такім чынам, мы бачым, што цяпер кантроль узмацняецца, а таксама будзе прымяняцца адказнасць да парушальнікаў санкцыйных мер аж да крымінальнай”, — кажа Латушка.

З’явілася каўбаса ад Менскага аўтамабільнага завода

На прылаўках беларускіх крам з’явілася каўбаса пад брэндам Менскага аўтамабільнага завода. Пра гэта паведамляе тэлеграм-канал “Аўтазаводзец МАЗ”. Каўбасу і мясныя вырабы вырабляе Барысаўскі мясакамбінат. У іх складзе выкарыстоўваюць ялавічыну ад сельгаспрадпрыемства “АграМАЗ”, якое ўваходзіць у аўтамабільны холдынг. А сярод каўбас, якія выпускаюць пад брэндам МАЗа, ёсць “Эстонская”, “Мілана” і “Кракаўская”. Раней пад мазаўскім брэндам з’явіліся сыры і мёд, піша Office Life.

Ці папулярныя электрычныя аўтамабілі ў Еўропе?

Сёлета ў лютым продаж новых аўтамабіляў у Еўрасаюзе вырас больш як на 10 працэнтаў – вынікае з афіцыйнай статыстыкі. То бок за месяц прадалі больш за 883,5 тысячы машын. Найбольш машын прадалі ў Францыі ды Італіі, далей ідуць Іспанія і Германія. У Польшчы рост продажу склаў 19,3 працэнтаў, а гэта амаль 46 тысяч аўто.

На фоне агульнага росту продажу машын, продаж выключна электрычных аўто выглядае наступным чынам. Новых электрааўтамабіляў у лютым купілі 106 тысяч штук, і гэта на 9 працэнтаў больш год да года. Але пры гэтым рост продажу электрычных аўто адстае ад росту продажу звычайных легкавікоў. Асабліва спала цікавасць да электрычных машын у Германіі. Але пры гэтым расце цікавасць да гібрыдных машын, якія маюць і звычайныя рухавікі, і электрычныя. Рост продажу такіх машын склаў 24 працэнты ў Еўрасаюзе. У Польшчы рост склаў 44 працэнты год да года.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота: Беларуская Чыгунка.