BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

БелАЭС не дапамагла стрымаць рост кошту электраэнергіі

Пасля ўводу БелАЭС цана на электраэнергію працягвае расці насуперак абяцанням уладаў.

Сярэдняя цана на электраэнергію (у разліку за 100 кВт.г) у Беларусі ў першым квартале склала 27,34 рубля — на 8,9% больш, чым за аналагічны леташні перыяд, сведчыць праведзены «Позіркам» аналіз звестак Нацыянальнага статыстычнага камітэта. Плата за 1 літр бензіну і дызельнага паліва вырасла за год адпаведна на 3,9% і на 3,8%.

Беларускія ўлады і прапаганда з моманту ідэі будаўніцтва атамнай электрастанцыі ў Астраўцы (Гарадзенская вобласць) і ў наступныя гады запэўнівалі, што ўзвядзенне АЭС вельмі выгадна для жыхароў Беларусі.

Лукашэнка шукае порт у Амане

Падчас сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі з наследным прынцам Амана Аманам Зеязінам бен Хайтамам Аль Саідам размова зайшла пра магчымасць выкарыстання аманскага порта «Сохар» для дастаўкі беларускіх тавараў у краіны Індыйскага акіяна.

Акрамя выкарыстання партовай інфраструктуры Амана, прагучалі прапановы шчыльна папрацаваць у галіне машынабудавання, у хімічнай галіне, па прадуктах харчавання і лёгкай прамысловасці, а таксама арганізаваць прамыя рэйсы з Беларусі ў Аман.

Польская мытня канфіскавала нелегальныя шыны для Boeing

Польская мытня канфіскавала 5 тон шын для самалётаў Boeing, якія мелі транзітам прайсці праз Беларусь і Расею. Пра гэта піша Reuters. У Нацыянальнай падатковай адміністрацыі Польшчы дадалі, што гэтыя тавары падпадаюць пад санкцыі Еўразвязу.

Супрацоўнікі мытні знайшлі шыны падчас праверкі грузавіка. Вадзіцель перавозіў іх замест заяўленых шын для легкавых аўтамабіляў і аўтобусаў. Адпраўніком тавару выступіла кампанія з Іспаніі, атрымальнікам – арганізацыя з Азербайджана. У сувязі з інцыдэнтам распачата крымінальная справа, падсанкцыйны тавар – затрыманы.

Фінляндыя плануе адмовіцца ад «царскага» стандарту чыгункі

Фінляндыя хоча звузіць чыгуначную каляіну на 89 мм і перайсці на еўрапейскі стандарт, паведаміла міністр транспарту і сувязі Лулу Раннэ.

Сёння ў краіне захоўваецца стандарт чыгуначнай каляіны з часоў Расейскай Імперыі – 1524 мм. Пры гэтым шырыня еўрапейскай каляіны – 1435 мм. Замена шырыні каляіны неабходная для павышэння бяспекі грузаў і вайсковай мабільнасці, а таксама для развіцця транспамежных сувязей са Швецыяй і Нарвегіяй, сказала Раннэ. Паводле яе слоў, Еўразвяз гатовы падтрымаць фінансаванне ў памеры 50% планавання і 30% будаўніцтва новага чыгуначнага стандарту. Міністр транспарту таксама сказала, што праект разлічаны мінімум на 10 гадоў, паведамляе «Польскае радыё».

Беларускае Радыё Рацыя

Фота: delfi.lt