Журналісты выкрылі схему паставак, якая дазваляе абыходзіць санкцыі Еўразвязу і ЗША. Гэта вынік новага расследавання БРЦ сумесна з Siena, “Хронікі.Медыя” і пры падтрымцы “Кіберпартызан”.

Кампанія “Белкарга” прапануе расейцам дастаўку брэндавага адзення з Еўропы “без абмежаванняў па цане”. Журналісты правялі эксперымент: замовілі 10 куртак элітных брэндаў на суму 6450 еўра, але паказалі заніжаную вартасць — 1730 еўра. Кампанію гэта не збянтэжыла. За дастаўку з Мілана ў Вільню — 130 даляраў, з Вільні ў Маскву — 255 даляраў. Разлікі “Белкарга” вядзе па вазе, а не па рэальнай кошце тавараў. Менавіта гэта дазваляе абыходзіць санкцыйныя ліміты: 300 еўра за адзінку па правілах ЕЗ і 1000 даляраў — паводле санкцый ЗША. Пры такіх заніжэннях Беларусь губляе да 700 тысяч еўра на кожную тысячу куртак. Адзін толькі эксперыментальны заказ павінен быў абкладацца падаткамі на больш чым 2000 еўра.
Белстат назваў памер сярэдняга заробку за красавік
Сярэдні заробак «бруднымі» ў красавіку склаў 2613,5 рубля. У параўнанні з сакавіком ён вырас на 12 рублёў.
Калі ж браць «чыстымі», то тады сярэдні заробак будзе 2247,6 рубля, а пры сярэднім курсе даляра за красавік на рукі выходзіць 725,6 даляра.
У Расеі назвалі прычыну частых пажараў у аўтобусах МАЗ
Аўтобусы МАЗ у расейскім Санкт-Пецярбургу перасталі гарэць. Развязаць праблему дапамаглі пераход на айчынныя камплектуючыя і паляпшэнне тэхабслугоўвання. Пра гэта заявіў віцэ-губернатар Санкт-Пецярбурга Кірыл Палякоў. Чыноўнік паведаміў, што ўзгаранні часцей за ўсё адбываліся праз уцечкі алівы ў сістэме гідрапрывада, аліва трапляла на гарачыя часткі рухавіка — і адбываўся пажар. У пікавыя месяцы 2022-2023 гадоў аўтобусы ў горадзе загараліся амаль кожны тыдзень.
Асноўнай прычынай Палякоў назваў наступствы санкцый. Калі замежныя пастаўкі спыніліся, перавозчыкі спехам пераходзілі на альтэрнатыўныя крыніцы. Замест правераных імпартных дэталяў выкарыстоўвалі аналагі, якія не вытрымлівалі рэальнай нагрузкі, піша «Еўрарадыё».
Апублікаваны рэйтынг самых дарагіх гарадоў Еўропы для турыстаў
Брытанская кампанія Post Office Travel складае штогадовы спіс самых дарагіх гарадоў Еўропы для турыстаў. Рэйтынг улічвае не толькі кошт пражывання, але і кошт харчавання, білетаў у музеі ды іншыя ўстановы культуры.
У сёлетнім спісе самым дарагім горадам Еўропы назвалі Осла – сталіцу Нарвегіі. Так, двухдзённае наведванне горада каштуе 760 еўра. Капенгаген заняў другое месца ў рэйтынгу. За двухдзённае знаходжанне ў сталіцы Даніі прыйдзецца выдаткаваць 750 еўра. Сталіца Шатландыі Эдынбург – на трэцім месцы па дарагавізне, піша polskieradio.pl.
Венецыя і Берлін таксама займаюць высокае месца ў спісе самых дарагіх гарадоў. У Берліне цэны на пражыванне выраслі на 28% у параўнанні з мінулым годам, што робіць яго пятым самым дарагім горадам у Еўропе.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота: epatagik.com






