Закон пра ратыфікацыю міжурадавага пагаднення Беларусі і Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў аб гандлі паслугамі і ажыццяўленні інвестыцый падпісаў Аляксандр Лукашэнка.

ДзяржСМІ раней паведамлялі, што па выніках мінулага года тавараабарот паміж Беларуссю і ААЭ склаў 3,7 млрд даляраў, у тым ліку беларускі экспарт — 3,66 млрд, з чаго вынікае, што апошні за тры гады вырас у 62,35 разу. У 4,1 разу, да 242 млн даляраў, павялічыўся за той жа перыяд аб’ём прыцягнутых на чыстай аснове штогадовых інвестыцый з ААЭ.
Кабінет прадставіў эканамічную стратэгію на 10 гадоў
Прадстаўніца Аб’яднанага пераходнага кабінета Беларусі па эканамічных рэформах Аліса Рыжычэнка прэзентавала ў Варшаве доўгатэрміновую Стратэгію эканамічнага развіцця дэмакратычнай Беларусі да 2035 года. Стратэгія прадугледжвае тры паралельныя трэкі:
— адукацыя: фінансаванне да 6—7% ВУП, радыкальнае павышэнне зарплат педагогаў, мадэрнізацыя праграм.
— навука і інавацыі: стварэнне даследчых цэнтраў, інтэграцыя з універсітэтамі і бізнесам, выдаткі на R&D — 2—3% ВУП.
— тэхналагічнае развіццё: поўная лічбавізацыя эканомікі, рост IT-сектара да 15% ВУП, развіццё высокатэхналагічных вытворчасцяў.
Сярэдняя зарплата мае скласці 2000—2500 даляраў.
Запаўняльнасць беларускіх санаторыяў перавышае 86%
Сярэдняя запаўняльнасць беларускіх санаторыяў перавысіла 86%. Гэта больш, чым у мінулым годзе. Сёлета ў санаторыях адпачывалі і лячыліся больш за 1,5 млн чалавек, у тым ліку 250 тысяч іншаземцаў. Экспарт санаторна-курортных паслуг вырас на 29% за 9 месяцаў і ўжо перавысіў 414 мільёнаў рублёў.
У святочны перыяд, з 25 снежня па 7 студзеня, беларускія здраўніцы будуць загружаны на 100%. Чакаецца каля 24-25 тысяч адпачывальнікаў, палова з якіх – іншаземцы, сярод якіх большасць – расейцы.
Першая польская атамная электрастанцыя
Еўрапейская камісія афіцыйна ўхваліла прадастаўленне Польшчы дзяржаўнай дапамогі на будаўніцтва атамнай электрастанцыі. Прэм’ер-міністр Дональд Туск абвясціў, што будаўніцтва можа пачацца ў снежні, і што ўся неабходная сума, 60 мільярдаў злотых, ужо забяспечана.
Трохблочная АЭС у Любятова-Капаліна ў Памераніі стане першай атамнай электрастанцыяй у Польшчы. Першы так званы ядзерны бетон плануецца заліць у 2028 годзе, а камерцыйная эксплуатацыя першага блока павінна пачацца ў 2036 годзе. Магутнасць станцыі складзе 3750 МВт.
Беларускае Радыё Рацыя.






