Перамовы з “кіраўніцтвам краіны, МЗС, а таксама сустрэчы з прадстаўнікамі іншых дзяржаўных органаў” запланаваныя праграмай візіту міністра замежных спраў Беларусі Максіма Рыжанкова ў Інданезію, які адбудзецца 5–7 жніўня.

Інданезійскае МЗС раней звяртала ўвагу на тое, што па выніках 2024 года тавараабарот паміж краінамі павялічыўся на 44,1% у параўнанні з пазамінулым годам і склаў 128,4 млн даляраў. З іх 43,6 млн прыйшлося на экспарт Джакарты. Адметна, што больш за 78% паставак прыпала на беларускія ўгнаенні.
Беларусь прадала льновалакно ў Польшчу на 1,5 млн даляраў
На Беларускай універсальнай таварнай біржы зарэгістравана першая ў гісторыі здзелка па продажу льнянога валакна ў Польшчу. Аб’ём пастаўкі склаў 400 тон, а сума кантракта – 1,5 мільёна даляраў, што робіць яго найбуйнейшым у сегменце льняной перапрацоўкі за ўвесь час біржавых таргоў.
Агулам з лістапада мінулага года праз біржу на знешнія рынкі прадалі 2360 тон прадукцыі перапрацоўкі льну агульным коштам 8,4 мільёны даляраў. Пакупнікамі сталі кампаніі з Кітая, Латвіі, ААЭ, Польшчы, Расеі і Турцыі. Пры гэтым на турэцкі рынак прыпадае 41% паставак у бягучым годзе.
У абноўлены санкцыйны спіс трапіў шэраг тавараў бытавой хіміі
У 18-м пакеце санкцый, якія Еўразвяз увёў у ліпені, апынуліся не толькі чатыры беларускія банкі і некалькі прадпрыемстваў, звязаных з расейскай ваеннай прамысловасцю, але і новыя мытныя коды тавараў, пастаўку якіх у Беларусь забаранілі.
Сярод новых фігуруе код 3402, які адпавядае шматлікім сродкам бытавой хіміі. Пастаўшчык падобных тавараў у Беларусь, які накіраваў запыт у польскую мытню і атрымаў тлумачэнні, кажа, што пад забарону трапіў шэраг папулярных марак. На працягу шасці месяцаў з часу прыняцця абмежаванняў дзейнічае пераходны перыяд.
Васьмёрка АПЕК+ павялічыць квоты на здабычу нафты ў верасні
Восем краін АПЕК+ дамовіліся аб павелічэнні здабычы нафты ў верасні на 547 тысяч барэляў у дзень.
Саудаўская Аравія, Расея, Ірак, ААЭ, Казахстан, Кувейт, Алжыр і Аман правялі віртуальную сустрэчу. Павелічэнне мяжы нафтаздабычы дазволіць ім завяршыць выхад з добраахвотных абмежаванняў на 2,2 млн б/д. Паступовы выхад з абмежаванняў можа быць прыпынены ў выпадку змянення рыначных умоў. Падобная гнуткасць дазволіць АПЕК+ падтрымліваць стабільнасць нафтавага рынку, падкрэсліваецца ў паведамленні. Рашэнне прынялі на фоне зніжэння попыту і гандлёвай вайны, развязанай прэзідэнтам ЗША Дональдам Трампам.
Беларускае Радыё Рацыя






