Вызначаны пералік тавараў, якія Беларусь і Куба хацелі б пастаўляць адзін аднаму ў рамках “сустрэчнага гандлю”. Згодна з прынятым дакументам, для кожнага боку пры ўзаемных пастаўках тавараў і паслуг вызначаецца ліміт 15 млн даляраў ЗША на пяцігадовы перыяд.

Куба прапануе Беларусі лекі, абсталяванне і вакцыны; драўняны вугаль; каву; какаву; ром і вытворныя; кансервы; свежую садавіну; мёд; морапрадукты ды “іншыя тавары, што выклікаюць інтарэс”.
У сваю чаргу Беларусь прапануе Кубе лекавыя сродкі; малако сухое; угнаенні і хларыд калію; шэраг харчовых прадуктаў; сельскагаспадарчую, будаўнічую, аўтамабільную, грузавую тэхніку, а таксама запчасткі для тэхнікі БелАЗ і МАЗ ды іншыя тавары, піша “Позірк”.
У Беларусі – скачок цэн на прадукты
У студзені цэны на харчовыя тавары, паводле афіцыйных звестак, выраслі на адзін працэнта да снежня. Гэта дастаткова высокі месячны паказчык, заўважае сайт “Люстэрка”. У лідарах па росце цэн аказаўся так званы “набор для баршчу”: буракі дадалі ў цане 12,5%, белакачанная капуста – 12,2%, морква – 11,9%, рэпчатая цыбуля – 9,2%, а бульба – 7,7%.
Прыгадаем, што ў Беларусі надалей дзейнічае абмежаванне на падвышэнне цэн на некаторыя прадукты. Названыя прадукты акурат уваходзяць у гэты пералік.
Попыт на нафту і вугаль дасягне піку ў 2030-м і пачне спадаць
Спажыванне энергіі да сярэдзіны стагоддзя павялічыцца амаль на чвэрць, але гэта не азначае, што будучыня за выкапнёвым палівам.
Як піша Bloomberg, штучны інтэлект (ШІ) можа прывесці да значнага росту энергаспажывання ў розных галінах, але адначасова дапамагчы скараціць вугляродную інтэнсіўнасць энергасістэмы ўдвая да 2050 года. Падвышэнне прадукцыйнасці дзякуючы ШІ, у тым ліку аўтаматызацыя вытворчасці, будзе спрыяць істотнаму эканамічнаму росту.
Пры гэтым спажыванне нафты да 2030-х гадоў вырасце на 3—5 мільёнаў барэляў у дзень, пасля чаго дасягне піку і пачне паступова зніжацца. Аднак выкарыстанне нафтапрадуктаў чакаецца нават у XXII стагоддзі. Вугаль як крыніца электраэнергіі перастане расці да 2030 года, а прыродны газ — да 2035-га, гаворыцца ў справаздачы. (паводле НН)
Польская гаспадарка прыспешыла тэмпы росту
Галоўнае статыстычнае ўпраўленне Польшчы падало папярэднія дадзеныя па росце ВУП за апошні квартал 2024 года. Паведамляецца, што рост ВУП у кастрычніку – снежні склаў 3,2%, а ў папярэднім квартале склаў 2,7% год да года. Падобнымі былі і сярэднія рыначныя прагнозы. Адзначаецца, што галоўным рухавіком гаспадаркі быў спажывецкі попыт.
Такім чынам, Польшча вылучаецца на фоне Еўразвязу, асабліва на фоне Германіі, дзе адзначаецца рэцэсія. Пры гэтым прагнозы на 2025 год таксама застаюцца аптымістычнымі. Міжнародны валютны фонд ацэньвае, што польскі ВУП па выніках года складзе каля 3,5%, польскае Міністэрства фінансаў называе лічбу 3,9%, паведамляе businessinsider.com.pl.
Беларускае Радыё Рацыя.
Фота: travelushki.com (Гавана, Куба).






