Беларусь і Расея вызначыліся з умовамі функцыянавання нафтаперапрацоўкі на сярэднетэрміновую перспектыву на ўзаемавыгаднай аснове. Пра гэта паведаміў журналістам прэм’ер-міністр Аляксандр Турчын. Іншыя падрабязнасці ён не назваў, але адзначыў, што прынятыя ўрадам меры далі значны эканамічны эфект для айчынных прадпрыемстваў, і ён «вылічаецца не адной сотняй мільёнаў даляраў».

У Расеі з-за атак украінскіх беспілотнікаў на нафтаперапрацоўчыя заводы ўзнікла напружаная сітуацыя на рынку аўтамабільнага паліва. У некаторых рэгіёнах узнік дэфіцыт паліва, што вымусіла расейскі ўрад увесці часовыя абмежаванні на яго экспарт. На гэтым фоне пайшоў рэзкі рост паставак нафтапрадуктаў у Расею з Беларусі, піша “Наша Ніва”.
Літва прыпыняе прыём заяў на працаўладкаванне іншаземцаў
Прыём новых заяў на працаўладкаванне іншаземцаў у Літве прыпынілася з 15 кастрычніка ў сувязі з вычарпаннем адпаведнай квоты, устаноўленай на 2025 год, паведаміў Дэпартамент міграцыі пры Міністэрстве ўнутраных спраў краіны. Дэпартамент, як адзначаецца, разглядае цяпер амаль 5 тысяч заявак на працаўладкаванне замежных грамадзян. Пры гэтым гадавая квота складае 24.830, і з 1 студзеня яна распаўсюджваецца на ўсе прафесіі і віды працоўнай дзейнасці ва ўсіх сектарах эканомікі.
Хутка пачнецца тэставае выкарыстанне лічбавага рубля
Адным з галоўных кірункаў, па якіх працуе Нацыянальны банк Беларусі, — гэта ўкараненне лічбавага беларускага рубля, заявіў дзяржСМІ першы намеснік кіраўніка Нацбанка Аляксандр Ягораў.
“Прыкладна план у нас наступны, што ў сярэдзіне 2026 года мы прыступім да тэставых плацяжоў і ўжо да канца 2026-га ўкаранім сістэму ў прамысловую эксплуатацыю. Першымі кейсамі, якія мы будзем адпрацоўваць, будуць плацяжы, скажам так, расходаў бюджэтаў або квазібюджэтных выдаткаў. І другое — гэта трансгранічныя плацяжы, дзе мы працуем у шчыльным супрацоўніцтве з Расейскай Федэрацыяй”, — падкрэсліў Ягораў.
Паводле яго слоў, важным застаецца і “ўкараненне QR-плацяжоў на аснове сістэмы імгненных плацяжоў, якія дазволяць без выкарыстання картачных тэхналогій грамадзянам праводзіць плацяжы”, піша “Позірк”.
Дзе плануецца другая польская АЭС?
Прэм’ер-міністр Польшчы Дональд Туск падчас сустрэчы з жыхарамі Пётркува-Трыбунальскага абвясціў, што Белхатаў займае першае месца ў спісе патэнцыйных месцаў для другой польскай АЭС. Ён дадаў, што ўрад завяршае аналіз гэтага пытання.
Палітык наведаў і будаўнічую пляцоўку першай польскай АЭС у Любятаве-Капаліне (Паморскае ваяводства), а таксама распавёў пра развіццё ветраных электрастанцый у Балтыйскім моры, якія ён назваў «найсучаснейшымі збудаваннямі ў свеце». Ён адзначыў, што Польшча будуе адны з найбуйнейшых ветраных электрастанцый у Еўропе.
Беларускае Радыё Рацыя.
Фота ілюстрацыйнае з адкрытых крыніц.






