З 1 ліпеня ў Еўразвязе набылі юрыдычную моц павялічаныя імпартныя мытныя пошліны, уведзеныя на некаторыя віды сельгаспрадукцыі з Беларусі і Расеі, якія фактычна робяць немагчымым далейшыя пастаўкі іх збожжа на еўрапейскі рынак. Такое рашэнне 30 траўня ўхваліла Еўрапейская Рада на падставе ранейшай прапановы Еўрапейскай камісіі. Адзначаецца, што “меры скіраваны на падаўленне імпарту ў Еўразвяз збожжавых, алейных культур і прадуктаў іх перапрацоўкі, а таксама гранул бураковага жмыху і сушанага гароху, не закранаючы пры гэтым экспарт у трэція краіны і захоўваючы глабальную харчовую бяспеку”.

“Падвышаныя тарыфы распаўсюджваюцца на Беларусь, улічваючы шчыльныя палітычныя і эканамічныя сувязі гэтай краіны з Расеяй”, — падкрэслівала Еўракамісія. Дарэчы, летась Расея экспартавала ў Еўразвяз 4,2 мільёна тон збожжа на 1,3 мільярда еўра. Аб’ёмы прадукцыі з Беларусі ў ЕЗ склалі 610 тысяч тон на 246 мільёнаў еўра.
На латвійскай мяжы ўвялі новыя абмежаванні па правозе тавараў
На ўездзе ў Латвію запрацавалі абмежаванні, падобныя да літоўскіх. Мытнікі ветліва просяць вандроўнікаў пакінуць на мяжы цыгарэты і спіртныя напоі, нават калі яны не перавышаюць вызначаныя нормы. Пра гэта з раніцы 1 ліпеня пішуць у памежных чатах:
“Пры нас мужчыну толькі адну цыгарэту дазволілі пакінуць”.
“У нас забароненага не было, але пры нас папрасілі выкінуць адкрытыя пачкі цыгарэт і алкаголь”.
“Нам сёння сказалі, што па новых санкцыях нельга касметыку”.
Падобныя абмежаванні пачалі дзейнічаць на літоўскай мяжы з трэцяга чэрвеня, прыгадвае «Еўрарадыё». Правозіць з Беларусі ў Літву забаранілі шматлікія прадукты харчавання і нават безалкагольныя напоі. Пазней забарону знялі з прадуктаў, якія перавозяцца праз Літву транзітам, а таксама з прадуктаў, прызначаных для асабістага выкарыстання падчас паездкі.
Заробак беларускіх айцішнікаў у далярах упаў да мінімуму
У Беларусі працягвае падаць заробак працаўнікоў ІТ-сферы ў пераліку на даляры. Гэта заўважыў партал Devby у звестках Нацыянальнага статыстычнага камітэта.
У траўні сярэдні заробак у ІТ склаў 6 тысяч 904 рублі, за год ён павялічыўся на 5,5 працэнтаў. А вось у далярах заробак знізіўся на пяць працэнтаў і склаў 2 тысячы 148 даляраў паводле сярэдняга курсу за месяц. Агулам у далярах сярэдні заробак у ІТ у траўні абнавіў антырэкорд.
У мінулым годзе кампаніі ІТ і сувязі сталі галоўным тормазам беларускай эканомікі. Адмоўны ўнёсак сектару склаў мінус 0,9%. Сёлета сектар «інфармацыя і сувязь» працягвае стрымліваць рост эканомікі.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота з адкрытых крыніц