Беларусь можа атрымаць уласны порт на Далёкім Усходзе РФ. Ён будзе выкарыстоўвацца для паставак прадукцыі ў Кітай, а таксама звязаны з Паўночным марскім шляхам. Пра гэта ў інтэрв’ю SB.by паведаміў пасол Беларусі ў Расеі Дзмітрый Крутой.

“На Далёкім Усходзе існуе жаданне даць беларусам свой уласны порт з прывязкай да Паўночнага марскога шляху. З губернатарам Прыморскага краю мы дамовіліся, што па прыкладзе Балтыкі і Мурманска, якія цяпер знаходзяцца ў стадыі актыўнай рэалізацыі, тут чакаюць каманду нашых спецыялістаў, якія ўжо маюць вопыт падрыхтоўкі такога бізнес-плана і тэхніка-эканамічнага плана ўдзелу ў партовых праектах..”, – паведаміў пасол. Акрамя таго, паведамляецца, што пад Уладзівастокам у 2023 годзе запрацаваў аптова-размеркавальны цэнтр “Прыморскі”, у якім пад беларускія тавары адведзена некалькі павільёнаў. (reform.by)
Рэзідэнты СЭЗ назвалі бар’еры для вядзення бізнесу
Лагістыка, недахоп кадраў і складанасці з выхадам на замежныя рынкі, перш за ўсё, Еўразвязу – такія ключавыя бар’еры для вядзення бізнесу назвалі рэзідэнты Свабодных эканамічных зон падчас апытання, праведзенага Міністэрствам эканомікі Беларусі. У ім удзельнічала 137 прадпрыемстваў.
Пры гэтым у цэлым рэзідэнты задаволены прававым рэжымам СЭЗ. 90 працэнтаў рэспандэнтаў лічаць дастатковым існуючы аб’ём ільгот і прэферэнцый. Таксама адзначаецца высокая эфектыўнасць узаемадзеяння з адміністрацыямі СЭЗ і мясцовымі ўладамі.
Пяць менскіх мастоў сёлета паставяць на капітальны рамонт
Адразу для пяці пуцеправодаў Менска у 2024 годзе правядуць капітальны рамонт. Яшчэ на сямі пуцеправодах заменяць пласты маставога палатна і адновяць гідраізаляцыйныя пласты. Таксама рамонт закране 16 уваходаў у дзевяці падземных пераходах. На ўсе рамонты выдзеляць 11 мільёнаў рублёў, у тым ліку і на закупку спецыялізаванай тэхнікі, паведамляюць дзяржаўныя медыя.
У параўнанні з мінулым годам аб’ём запланаваных работ павялічваецца. Летась палатно замянілі на пяці мастах, адрамантавалі 13 падземных пераходаў і чатыры пуцеправоды.
На аўкцыён выставілі гадзіннік “Луч” з выявай Белага дома
На адным з беларускіх аўкцыёнаў выявіўся цікавы лот. Гэта наручны гадзіннік “Luch” з выявай Белага дома і прысвячэннем Білу Клінтану, звярнула ўвагу Blizko.by. На чорным цыферблаце адлюстраваны Белы дом у ЗША, стаіць подпіс The White House. Washington. На вечку можна прачытаць і прысвячэнне: Bill Clinton. USA-Belarus 1994 Мінск. Гадзіннік ацэнены ў 388 рублёў (121 даляр).
Як піша “Наша Ніва”, відавочна, гадзіннік прысвечаны візіту Біла Клінтана ў Менск. Ён прылятаў 15 студзеня 1994 года і правёў тут усяго шэсць гадзін. З анлайн-каталогаў вядома, што таксама “Luch” выпусціў аналагічны гадзіннік, прымеркаваны да візіту Клінтана, толькі на цыферблаце намаляваныя дзяржаўныя сцягі ЗША і Беларусі.
Беларускае Радыё Рацыя