Беларусь займае чацвёртае месца ў спісе самых значных гандлёвых партнёраў Расеі. Пра гэта сведчаць даныя расейскай Федэральнай мытнай службы, піша Myfin.by. На першым месцы сярод гандлёвых партнёраў Расеі знаходзіцца Кітай, доля якога ад тавараабароту складае амаль 34%. Далей ідуць Індыя і Турцыя, а Беларусь на чацвёртай пазіцыі з паказчыкам 7,1%.
Прыгадаем адзін факт. Калі ў Расеі ў 2023 годзе ўзніклі праблемы з курынымі яйкамі на рынку, праблему ўдалося вырашыць ў тым ліку і за кошт інтэнсіфікацыі паставак з Беларусі.
Таксама ў спісе асноўных гандлёвых партнёраў Расеі значацца: Казахстан, Паўднёвая Карэя, Германія, Арменія, Італія і Узбекістан.
Без рэгулявання цэн інфляцыя “будзе вылятаць”
У Беларусі працягнуць рэгуляваць цэны, каб выканаць паказчык па інфляцыі. Без гэтага планы ўраду могуць не ажыццявіцца, прызнаўся міністр антыманапольнага рэгулявання і гандлю Аляксей Багданаў. Пра гэта ён распавёў напярэдадні нарады ў Лукашэнкі пра цэнаўтварэнне і абмеркавання новай «формулы справядлівай цаны».
Паводле Багданава, рэгуляванне надалей будзе распаўсюджвацца на тых, хто імпартуе, вырабляе і прадае прадукцыю. Гэта значыць, за стрымліванне росту цэн заплацяць гэтыя гульцы.
– Неабходна захаваць выкананне прагнозу інфляцыі. Гэта значыць, калі гэта заданне, што стаіць сёння нумар адзін, мы будзем маляваць сабе нейкі параметр і спрабаваць да яго ісці без рэгулявання, мы можам атрымаць тое, што ў нас інфляцыя будзе вылятаць за ўстаноўленыя параметры, – кажа Багданаў. (паводле belsat.eu)
Буйнога пастаўшчыка аштрафавалі за завышэнне цэн на агуркі
Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю аштрафавала аптовага пастаўшчыка «Амега Трэйд», які прадаваў буйным крамам агуркі па завышаных цэнах.
Паводле даных міністэрства, кампанія ў жніўні-верасні мінулага года прадавала свежыя агуркі па цэнах, якія перавышалі дазволеную нацэнку на 13-38%. Акрамя гэтага, з лютага па верасень кампанія не падавала зусім або падавала недакладныя звесткі. У выніку суд аштрафаваў кампанію «Амега Трэйд» на суму больш за 21 тысячу рублёў, а службовую асобу кампаніі — на 10 базавых велічынь. (nashaniva.com)
Самы перагружаны горад свету ўвёў плату за паездкі ў цэнтр
У Ню-Ёрку вадзіцелі будуць плаціць за паездкі па цэнтры горада ў гадзіну пік. Гэтая мера павінна скараціць колькасць транспарту ў цэнтры мегаполіса на 10%. Як піша Office Life, у мінулым годзе Ню-Ёрк быў прызнаны самым перагружаным горадам свету, дзе вадзіцелі праводзяць у пробках 101 гадзіну за год.
Цяпер плата за ўезд у цэнтр горада складзе $9 у гадзіны пік і $2,5 у менш загружаныя гадзіны. Уезд на Манхэтэн на невялікім грузавіку абыдзецца амаль у $15, а на буйнагабарытным аўтамабілі — $21,60. Сабраныя грошы пойдуць на развіццё грамадскага транспарту.
Беларускае Радыё Рацыя