BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Беларусь патрабуе змены формулы цаны на расейскую нафту

Беларусь прапануе асучасніць формулу цаны на расейскую нафту, паведаміў журналістам прэм’ер Беларусі Раман Галоўчанка па выніках нарады ў Лукашэнкі, піша БелТА. Як запэўніў кіраўнік урада, цяпер паміж Беларуссю і Расеяй няма нейкіх вострых невырашальных пытанняў.

Гаворачы пра вынікі нядаўніх перамоў Лукашэнкі і Пуціна на Валааме, прэм’ер-міністр адзначыў, што былі дадзеныя даручэнні па шэрагу пытанняў. Адно з пытанняў, у прыватнасці, датычыцца формулы цаны на нафту. Неабходнасць яе карэкціроўкі Галоўчанка патлумачыў дынамічнымі зменамі на нафтавым рынку.

Клайпедскі порт аднаўляе абароты і без беларускага калію

Агульны аб’ём грузаў у порце Клайпеды сёлета павялічыцца на 5-10%, прагназуюць у Асацыяцыі літоўскіх марскіх грузавых кампаній. Паказчыкі порта прыкметна знізіліся пасля ўвядзення санкцый супраць беларускага калію — “Беларуськалій” доўгі час быў адным з асноўных кліентаў і гарантаў грузаабароту ў порце. Але сітуацыя пачала выпраўляцца. У гэтым годзе аб’ём грузаў чакаецца на ўзроўні 35 мільёнаў тон — пакуль што прыкметна ніжэй, чым максімальны ўзровень 2021 года ў 46,7 млн, але цяпер эксперты кажуць пра ўстойлівы рост.

“Грузавыя перавозкі стабілізаваліся, яны дасягнулі той базы, ад якой можна казаць толькі пра рост”, — сказаў Delfi Вайдотас Шылейка, прэзідэнт Асацыяцыі літоўскіх марскіх грузавых кампаній. (паводле «Еўрарадыё»)

Кітай скараціў імпарт беларускіх харчоў

У бягучым годзе Кітай скараціў імпарт з Беларусі па шэрагу харчовых таварных пазіцый, піша Myfin.by.

Сёлета Кітай працягвае рабіць закупкі з Беларусі па асобных харчовых таварных пазіцыях. Пры гэтым па некаторых відах прадукцыі назіраецца скарачэнне аб’ёму закупак як у цэнавым, так і ў колькасным выражэнні. Калі глянуць на лічбы, то, да прыкладу, за студзень – чэрвень гэтага года Кітай імпартаваў з Беларусі рапсавага алею на суму каля 130 мільёнаў даляраў, і гэта на 45 мільёнаў менш, чым за такі самы перыяд летась. Істотнае падзенне адзначаецца таксама па імпарце мяса і субпрадуктаў хатняй птушкі, ялавічыны, малака згушчанага ды іншых пазіцыях.

Цэны на электраэнергію і праграма «Чыстае паветра»: што чакае палякаў?

Намеснік міністра клімату Кшыштаф Балеста расказаў пра новаўвядзенні ў камунальнай сферы ў інтэрв’ю для выдання FAKT. Адно з найбольш важных пытанняў – гэта цана на электраэнергію.

Цэны на пэўны час замарожаныя, што абумоўлівае вялікія выдаткі дзяржаўнага бюджэту. Аднак урад бачыць неабходнасць абмежаваць рост цэн. Таму ўвялі энергетычны ваўчар, на які могуць прэтэндаваць амаль 3,5 мільёна хатніх гаспадарак. Таксама замарожаны тарыф на электраэнергію на ўзроўні 500 злотых за мегават-гадзіну. Гэтыя рашэнні дзейнічаюць да канца гэтага года.

Таксама Кшыштаф Балеста кажа, што паводле праграмы «Чыстае паветра» урад мае 23 мільярды злотых на гэты і наступны год, якія будуць выдаткаваныя найперш на замену крыніц цяпла на больш экалагічныя. Адзін з элементаў праграмы — замена цеплакрыніц, другі — усё больш папулярны — уцяпленне будынкаў. Людзі з меншымі даходамі могуць разлічваць на 100 працэнтаў субсідыі.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота: Яўген Разумны.