BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Беларусь павінна пачаць пагашаць расейскі крэдыт на АЭС

Беларусь павінна пачаць пагашаць расейскі крэдыт на будаўніцтва атамнай электрастанцыі пад Астраўцом (Гарадзенская вобласць).

Летась улады РФ перанеслі тэрмін пачатку пагашэння асноўнага доўгу з 1 красавіка 2023 на 1 красавіка 2024. Акрамя таго, валюта плацяжоў была зменена з даляраў на расейскія рублі. Беларусь абавязалася вярнуць запазычаныя сродкі 30-ццю роўнымі долямі, выплаты павінны ажыццяўляцца кожныя паўгода.

Дзяржаўная карпарацыя “Расатам” — генеральны праекціроўшчык і генпадрадчык збудавання аб’екта — раней ацаніла, што на БелАЭС было выдаткавана 5,36 млрд даляраў. Будаўніцтва БелАЭС поўнасцю завяршылася восенню мінулага года. Улады разглядаюць магчымасць павялічыць магутнасць БелАЭС за кошт будаўніцтва дадатковых блокаў або пабудаваць другую атамную станцыю. (“Позірк”)

Уступілі ў сілу забароны на ўвоз тавараў з Літвы

Меры ў адказ Беларусі супраць Літвы ўступілі ў сілу з 1 красавіка, раней адпаведныя пастановы ўрада былі апублікаваныя на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале. У прыватнасці, была ўстаноўлена забарона на імпарт з Літвы некаторых тавараў, сярод іх — згушчанае малако і вяршкі, садавіна і арэхі, кава, фруктовыя сокі, воцат, калготкі, панчохі, гольфы, шкарпэткі і іншыя панчошна-шкарпэткавыя вырабы, а таксама асобныя будаўнічыя вырабы, халадзільнікі і лядоўні.

Акрамя таго, улады Беларусі прынялі рашэнне ўвесці забарону на ўвоз некаторых тавараў праз беларуска-літоўскую мяжу. Гаворка ідзе пра піва, віно, вінаграднае сусла, вермуты, этылавы спірт, воцат, шыны. Пад забарону таксама патрапілі адзенне і іншыя вырабы, якія былі ва ўжыванні, а таксама б/у запасныя часткі і прылады транспартных сродкаў. Дзеянне гэтай забароны будзе доўжыцца паўгода — да 1 кастрычніка 2024 года.

Павышаецца стаўка ПДВ на прадукты харчавання ў Польшчы

Няма больш нулявога ПДВ на прадукты харчавання ў Польшчы. З 1 красавіка вярнулася пяціпрацэнтная стаўка падатку, а значыць, цэны ў крамах могуць падрасці. Нулявая стаўка распаўсюджвалася на асноўныя прадукты харчавання: садавіну, гародніну, мяса, малочную прадукцыю і крупяныя прадукты. Рашэнне, уведзенае ў сувязі з высокай інфляцыяй, уступіла ў сілу з 1 лютага 2022 года.

Першапачаткова дзеянне пастановы па гэтым пытанні павінна было скончыцца ў канцы 2023 года. Аднак гэтае рашэнне падоўжылі яшчэ на тры месяцы да канца сакавіка. У сярэдзіне сакавіка Міністэрства фінансаў абвясціла, што не падаўжае зніжэнне ПДВ. Сваё рашэнне міністэрства патлумачыла апошнімі паказчыкамі інфляцыі і прагнозамі дынамікі цэн на асноўныя харчовыя тавары.

Паводле папярэдніх звестак Галоўнага статыстычнага ўпраўлення, інфляцыя ў сакавіку ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года склала 1,9 працэнта. Гэта самы нізкі ўзровень з сакавіка 2019 года.

Беларускае Радыё Рацыя.

Фота: РИА Новости.