За першае паўгоддзе гэтага года транзіт беларускіх калійных угнаенняў праз Расею дасягнуў 6 млн. тон. Гэта на 6% больш, чым за студзень – чэрвень мінулага года.

На рост паўплывалі высокі попыт і змена лагістыкі. Асноўны аб’ём калійных угнаенняў перавозілі праз расейскія марскія парты – больш за 5,4 млн тон. Яшчэ больш за 500 тыс. тон хлорыстага калію з Беларусі паставілі праз сухапутныя пункты пропуску напрамую па чыгунцы ў Кітай. У цэлым аб’ём прамога чыгуначнага транзіту ў першым паўгоддзі 2025 года ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага скараціўся ў 2,8 разу. У чэрвені гэты маршрут не выкарыстоўваўся ўвогуле, піша Office Life.
Сярэдні заробак «бруднымі» складае 911 даляраў
Сярэдні заробак у чэрвені «бруднымі» склаў 2717,8 рубля, паведамляе Белстат. У параўнанні з маем ён вырас на 65,5 рубля.
Калі ж браць сярэдні курс даляра за чэрвень, то сярэдні заробак будзе 911 даляраў (у мінулым месяцы — 880 даляраў). «Чыстымі» заробак будзе 2337,3 рубля, або 783,5 даляра.
За апошнія паўтара года бульба ў Беларусі падаражэла ў 3 разы
У 2,99 разу падаражэла бульба ў Беларусі за апошнія паўтара года пры агульным росце цэн на прадукты харчавання і безалкагольныя напоі на 13,38%, сведчыць праведзены “Позіркам“ аналіз звестак Нацыянальнага статыстычнага камітэта.
У мінулым годзе цэны на бульбу выраслі на 31,17% , у першай палове бягучага — на 27,80%. У абодва названыя перыяды бульба не была лідарам па падаражэнні сярод плодаагародніннай прадукцыі: летась найбольш выраслі цэны на салодкі перац (+32,35%), сёлета з пачатку года — на буракі (+31,7%). Аднак агулам за паўтара года бульба — на першым месцы.
Расея выцесніла Германію з першай пяцёркі вытворцаў піва
Расея ўпершыню абышла Германію па аб’ёмах вытворчасці піва, заняўшы пятае месца ў сусветным рэйтынгу. Як паведамляе нямецкае выданне Handelsblatt, у мінулым годзе расейскія піваварныя прадпрыемствы павялічылі выпуск прадукцыі на 9%. У той жа час Германія, якая традыцыйна лічыцца піўной дзяржавай, паказала спад вытворчасці на 1%.
Сусветнае лідарства захоўвае Кітай з аб’ёмам вытворчасці 34 мільярды літраў. Другое месца займаюць ЗША, трэцяе – Бразілія, а чацвёртае – Мексіка.
Аналітыкі звязваюць рост расейскай вытворчасці з паспяховай палітыкай імпартазамяшчэння і павелічэннем унутранага спажывання.
Беларускае Радыё Рацыя.
Фота: euroradio.fm.






