Беларусь прапанавала новы варыянт індэксацыі тарыфаў на транспарціроўку нафты па сваёй тэрыторыі ў Еўропу, піша Kommersant.ru.

Для паўночнай веткі нафтаправода “Дружба”, па якой цяпер ідзе толькі казахстанская нафта, Менск прапануе падвысіць тарыф на 43%, а для паўднёвай, па якой працягваюцца пастаўкі нафты з Расеі,— на 14,5%. Аператар беларускай нафтатранспартнай сістэмы “Гомельтранснафта Дружба” накіраваў расейскай “Транснафце” ліст з прапановай падняць тарыфы на транзіт нафты па сваёй тэрыторыі з 1 лютага 2024 года. Ранейшая прапанова прадугледжвала рост тарыфу па абедзвюх лініях у 1,8 разу і не задавальняла Расею.
За год продажы тавараў з Еўразвязу ў Беларусь выраслі на траціну
Сёлета продаж тавараў з Беларусі ў Еўразвяз знізіўся ў параўнанні з мінулым годам, а купля вырасла. Пра гэта сведчаць даныя Статыстычнага камітэта ЕЗ за 9 месяцаў, якія атрымала Радыё “Свабода”.
Продаж беларускіх тавараў у краіны ЕЗ у параўнанні з мінулым годам знізіўся ў 2,4 раза. Летась за студзень-верасень Беларусь прадала туды тавараў на 2,7 мільярда еўра, а сёлета — толькі на 1,1 мільярда. Асноўнымі пакупнікамі сталі Польшча (321 мільён еўра), Літва (222 мільёны еўра), Германія (184 мільёны еўра).
Нягледзячы на санкцыі Беларусь за год павялічыла закупкі ў Еўразвязе. Сёлета краіна закупіла тавараў у ЕЗ на траціну больш, чым летась — на 5,8 мільярда еўра супраць леташніх 4,2 мільярда еўра. Самымі папулярнымі закупкамі за 9 месяцаў года сталі: “Транспартныя сродкі, самалёты, судны і адпаведнае абсталяванне” — 2 мільярды еўра; “Прадукты хімічнай вытворчасці” — 1 мільярд еўра.
“Казахстан не будзе рызыкаваць”
Казахстан надалей не пускае на сваю тэрыторыю “Боінгі” з Беларусі. Хоць Казахстан не ўводзіў забароны для палётаў кампаніі “Белавія” ў цэлым, але ў дачыненні да самалётаў маркі “Боінг” не хоча рызыкаваць, каб не трапіць пад другасныя санкцыі ЗША. Пра гэта заявіў пасол Казахстана ў Беларусі Ерлан Байжанаў на прэс-канферэнцыі ў Менску.
Пасол запэўніў, што агулам Казахстан выступае “супраць такіх інструментаў міжнароднага ціску, як эканамічныя санкцыі”, але ставіць пад магчымую пагрозу самога сябе дзеля абароны інтарэсаў беларускага ўрада пры гэтым не хоча. Тое, што некаторыя іншыя краіны ЕАЭС і СНД занялі па гэтым пытанні іншую пазіцыю, не ўплывае на рашэнне Казахстана. “Казахстан не будзе рызыкаваць у гэтым пытанні”, – падкрэсліў дыпламат.
Беларускае Радыё Рацыя.
Фота: transoil.by.






