BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Беларусь правядзе толькі адну нацыянальную экспазіцыю за мяжой

Зацверджаны план нацыянальных экспазіцый у замежных дзяржавах на 2024 год. Адпаведная пастанова ўрада апублікавана на Нацыянальным прававым партале, піша Office Life. У спісе пазначана ўсяго адно мерапрыемства – нацыянальная экспазіцыя на сёмай Кітайскай міжнароднай выставе імпарту. Яна запланавана на лістапад у Шанхаі.

Арганізатарам мерапрыемства выступіць Беларуская гандлёва-прамысловая палата. У дакуменце таксама гаворыцца, што мерапрыемства запланавана для папулярызацыі айчынных тэхналогій, навуковых распрацовак, тавараў і паслуг на знешні рынак.

Якія рынкі захавалі беларускі калій?

У 2023 годзе Беларусь працягнула працу над павышэннем эфектыўнасці маршрутаў дастаўкі калію на сусветныя рынкі. Пры гэтым лагістычныя і санкцыйныя бар’еры па-ранейшаму ўплывалі на айчынную “калійку”, піша Myfin.by.

Беларусь надалей выступае ключавым пастаўшчыком калію на кітайскі рынак. Па выніках 11 месяцаў летась КНР імпартавала беларускіх калійных угнаенняў на суму каля $1,35 млрд. Гэта істотна больш, чым у пазамінулым годзе. На бразільскім рынку па выніках студзеня – лістапада Беларусь апынулася на чацвёртай пазіцыі ў спісе асноўных пастаўшчыкоў калію. Годам раней краіна замыкала пяцёрку лідараў. Плануецца, што сёлета асноўным рынкам збыту для беларускага калію будзе і надалей выступаць Кітайская Народная Рэспубліка.

Інфляцыя за мінулы год склала 5,8%

За студзень — снежань 2023 года спажывецкія цэны выраслі на 5,8%: харчовыя тавары сталі даражэйшымі на 6,8%, нехарчовыя — на 2,9%, паслугі — на 8,1%. Найважнейшыя параметры прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на мінулы год прадугледжвалі інфляцыю на ўзроўні 7–8%. Урад разлічваў утрымаць рост цэн і тарыфаў у межах 6%.

І глянем на некаторыя прагнозныя параметры развіцця краіны на 2024 год. Прырост ВУП павінен скласці 3,8%, прырост экспарту тавараў і паслуг — 7,6%, рэальнага заробку — 3,9%, намінальнага сярэднямесячнага заробку — да 2.087 рублёў (у бюджэтным сектары — 1.634).

Цэны на лекі за 2023 год істотна выраслі

У 2023 годзе лекі даражэлі амаль у пяць разоў хутчэй, чым агулам нехарчовыя тавары, сведчыць праведзены “Позіркам” аналіз даных Белстата. Прыкметней за ўсё вырасла цана сродкаў для лячэння дыхальнай сістэмы — на 14,85%, стрававальнага тракту і абмену рэчываў — на 14,42%, крыві і крывятворных органаў — на 14,09%.

Пры гэтым у пазамінулым годзе назіралася адваротная сітуацыя: пры агульным росце цэн на 12,83% і падаражэнні нехарчовых тавараў на 13,66% цэны на лекі павялічыліся на 2,69%.

Беларускае Радыё Рацыя.

Фота: pixabay.com (Шанхай).