У Беларусі сёлета пройдзе эканамічны форум рэгіёнаў Беларусі і Кітаю. Пра гэта піша выданне Reform.by са спасылкаю на заяву пасла РБ у Кітайскай Народнай Рэспубліцы Аляксандра Чарвякова ў эфіры АНТ.

“Натуральна, да гэтага форуму трэба рыхтавацца. Будуць разнастайныя выставы. Мы плануем удзел у імпрэзах у Кітаі ў якасці ганаровых гасцей нашых абласцей, Менскай і Гарадзенскай”, – сказаў пасол. Акрамя таго, пасол выказаў спадзяванні, што ў Пекіне будзе адкрыты культурніцкі цэнтр Беларусі.
Паводле Чарвякова, у 2023 годзе экспарт беларускіх тавараў у Кітай вырас на 20%, а наменклатура беларускага экспарту ў гэтую краіну складаецца з 332 пазіцый. Лідыруе ў структуры экспарту прадукцыя хімічных прадпрыемстваў Беларусі.
Улады праверылі паўсотні інтэрнэт-крам і знайшлі парушэнні
Каля 40 парушэнняў выяўлена ў выніку праверкі больш як 50 інтэрнэт-крам, праведзенай Міністэрствам антыманапольнага рэгулявання і гандлю.
У ліку асноўных парушэнняў ведамства называе тое, што да пакупнікоў не даводзілася інфармацыя пра поўную назву і месца знаходжання юрыдычнай асобы або індывідуальнага прадпрымальніка, пра іх дзяржаўную рэгістрацыю, нумары кантактных тэлефонаў. Выяўленыя факты размяшчэння на галоўных старонках асобных інтэрнэт-крам рэкламы алкагольнага напітку. Таксама размяшчалася рэклама цыгарэт, вадкасцей для электронных сістэм курэння і так далей. (паводле “Позірк”)
Беларусы сталі ўдвая менш адпачываць за мяжой па пуцёўках
Летась у арганізаваныя туры за мяжу з’ездзіла 501,2 тысячы грамадзян Беларусі. На гэтыя звесткі Белстата звярнуў увагу рэсурс Reform.by. Пры гэтым замежных арганізаваных турыстаў у краіну прыехала ў два разы менш — крыху больш за 233 тысячы чалавек. Беларусы адпачывалі за мяжой у сярэднім 8 дзён, а іншаземцы ў Беларусі — 4 дні.
Адзначым, што ў параўнанні з дакрызісным 2019 годам колькасць беларусаў, якія выязджаюць па пуцёўках за мяжу, скарацілася амаль у два разы. У 2019 годзе за мяжой арганізавана адпачылі 982 935 чалавек. Тады яшчэ лёталі самалёты і хадзілі цягнікі ў краіны ЕЗ, не было вайны ва Украіне, і пералёт у Турцыю і Егіпет не быў такім доўгім і дарагім.
Як хутка робаты пачнуць працаваць на заводах?
Microsoft, OpenAI і Nvidia сталі інвестарамі стартапу Fig з Крамянёвай даліны, які распрацоўвае робатаў-гуманоідаў са штучным інтэлектам, для пастаўкі такой працоўнай сілы на глабальны рынак працы. Пра гэта піша Financial Times. У рамках чарговага раўнду фінансавання стартап прыцягнуў $675 млн і разлічвае давесці агульны аб’ём запазычанняў да $2,6 млрд.
Мэта праекта – як мага хутчэй увесці робатаў-гуманоідаў у камерцыйную дзейнасць, тлумачыць генеральны дырэктар Брэт Адкок. Паводле яго слоў, робаты-гуманоіды, здольныя выконваць такія задачы, як перамяшчэнне скрынь на канвеер, могуць паменшыць недахоп працоўнай сілы і запоўніць да 10 млн “непажаданых або небяспечных” працоўных месцаў толькі ў ЗША.
У студзені стартап заключыў здзелку з BMW аб размяшчэнні сваіх робатаў на заводах аўтавытворцы ў Паўднёвай Караліне (ЗША). Першыя пастаўкі прамысловых робатаў-гуманоідаў пройдуць у гэтым годзе. (Office Life)
Беларускае Радыё Рацыя
Фота з адкрытых крыніц