BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Беларусь скараціла пастаўкі калію ў Кітай

Расея і Канада абагналі ў першым квартале Беларусь у пастаўках калію ў КНР, на гэта звярнуў увагу рэсурс Reform.news. Год таму паводле выручкі лідзіравала Беларусь.

Расея сёлета паставіла ў Кітай калію на 432,3 млн даляраў (плюс 40% да аналагічнага перыяду мінулага года). Больш калію прадала і Канада — на 313 млн даляраў (+24,6%). Беларусь жа страціла ў аб’ёмах, яны скараціліся да 237,6 млн даляраў (амаль у паўтара разу). Дададзім таксама, што сёлета цэны на калійныя ўгнаенні ў свеце ўпалі.

Золатавалютныя рэзервы Беларусі за месяц павялічыліся

Міжнародныя рэзервовыя актывы Беларусі на 1 траўня склалі 8 мільярдаў 441,5 мільёнаў даляраў, павялічыўшыся за месяц на 89 млн долараў (1,1%), вынікае з папярэдніх звестак Нацыянальнага банка. Пры гэтым рэзервы ў манетарным золаце павялічыліся на 160 мільёнаў даляраў і склалі 4 мільярды 3,8 мільёнаў даляраў. Згодна з важнейшымі прагнознымі параметрамі развіцця краіны, міжнародныя рэзервовыя актывы на канец года павінны скласці не менш як шэсць мільярдаў даляраў. Адзначым, што залаты запас Беларусі расце ўжо трэці месяц запар. (паводле «Позірк»)

Чыгунка Латвіі заклікае не ўводзіць санкцыі на запчасткі з Расеі і Беларусі

Латвійскія чыгуначнікі заклікаюць дэпутатаў Сейма не ўводзіць санкцыі на запчасткі, вырабленыя ў Беларусі і Расеі, піша delfi.lv. Прадпрыемства выкарыстоўвае старыя электра- і дызельныя цягнікі, зробленыя ў савецкі час. Большую частку неабходных запчастак немагчыма замяніць на тыя, што вырабляюцца ў Еўрапейскі звязе.

Цяпер бюджэтна-фінансавая камісія Сейма разглядае папраўкі да адпаведнага закона аб закупках прадпрыемстваў-пастаўшчыкоў грамадскіх паслуг. У дакуменце забараняецца пастаўка расейскіх і беларускіх тавараў і паслуг. Чыгуначнікі звяртаюць увагу, што пры адсутнасці неабходных запчастак яны будуць вымушаныя скараціць колькасць рухомага саставу. Прычым некаторыя запчасткі закончацца яшчэ да канца вясны. (Еўрарадыё)

Еўрапейскі эканамічны кангрэс стартаваў у горадзе Катавіцы

У горадзе Катавіцы на поўдні Польшчы стартаваў XVI Еўрапейскі эканамічны кангрэс. Свой удзел у найбуйнейшым мерапрыемстве гэткага тыпу ў Цэнтральнай Еўропе пацвердзілі больш за 12 тысяч чалавек. Прыкладна столькі ж можа прыняць удзел у кангрэсе анлайн.

Галоўны лозунг сёлетняга мерапрыемства: «Трансфармацыя для будучыні», нагадаў арганізатар Войцех Кусьпік: «У аспекце ўсяго, што адбываецца вакол нас – мы павінны мяняцца; ажыццяўляць рэформы з мэтай большай эканамічнай, энергетычнай і тэхналагічнай бяспекі. Час мерапрыемства асаблівы, паколькі супадае з 20-годдзем прысутнасці Польшчы ў ЕЗ».

У рамках Еўрапейскага эканамічнага кангрэса адбудзецца 180 дыскусійных панэляў, а таксама мноства суправаджальных мерапрыемстваў. Трохдзённае мерапрыемства праходзіць у Міжнародным кангрэс-цэнтры. Спецыяльныя госці першага дня мерапрыемства – прэм’ер Дональд Туск і старшыня Еўракамісіі Урсула фон дэр Ляен. (Беларуская служба Польскага Радыё)

Беларускае Радыё Рацыя. 

Фота: bel-news.by