Беларускія прадпрыемствы ад пачатку поўнамаштабнага ўварвання забяспечвалі ваенныя заводы Расеі абсталяваннем і кампанентамі. Аб’ёмы экспарту — больш за 150 мільёнаў даляраў. У асноўным гэта дасягнута за кошт паставак прадпрыемстваў “Пеленг” і “АКБ ТСП”, пішуць журналісты-расследвальнікі “Бюро”.

Галоўнае ўпраўленне разведкі Мінабароны Украіны перадало журналістам спіс з 19 беларускіх арганізацый, якія працуюць на патрэбы расейскага войска. Сярод іх ёсць як прадпрыемствы ваенна-прамысловага комплексу, уключаючы 2566-ты завод па рамонце радыёэлектроннага ўзбраення, “ВолатАўта”, Менскі завод колавых цягачоў (МЗКЦ), так і звычайныя заводы, у тым ліку Берасцейскі электралямпавы завод, Маладзечанскі завод парашковай металургіі, Менскі аўтамабільны завод (МАЗ) ды іншыя.
У Пакістане шукаюць ахвочых працаваць дарожнымі рабочымі ў Беларусі
Кампанія American International у Пакістане шукае людзей ва ўзросце 18–40 гадоў на 24 вакансіі дарожных рабочых, якія будуць працаваць у Менску. Рабочым прапануецца заробак у памеры 600–700 даляраў. Раней згаданая кампанія шукала працаўнікоў, якія жадаюць займацца перапрацоўкай рыбы ў Берасці, прыгадвае “Позірк”.
Летась у красавіку Лукашэнка па выніках сустрэчы ў Менску з кіраўніком урада Пакістана Шахбазам Шарыфам заявіў, што краіны дамовіліся выпрацаваць механізм прыезду ў Беларусь пакістанскіх працоўных мігрантаў. Паводле яго слоў, Беларусь гатовая прыняць 100–150 тысяч спецыялістаў. Гэтыя планы выклікалі неадназначную рэакцыю ў грамадстве.
215 мільярдаў даляраў. Столькі каштуе беларуская зямля
Нацыянальнае кадастравае агенцтва Беларусі ўпершыню падлічыла, колькі каштуе зямля. Па стане на канец 2023 года, ацэнка зямельнага банка Беларусі складала 615,4 млрд рублёў або 37,2% ад усяго нацыянальнага багацця. У далярах беларуская зямля каштуе 215 млрд.
Пры гэтым кошт зямель штогод расце прыкладна на 10%. Галоўныя прычыны гэта: змены на рынку нерухомасці, штогадовая актуалізацыя кадастравага кошту, пашырэнне гарадскіх тэрыторый, павышэнне эфектыўнасці выкарыстання сельгасзямель.
Агучаныя дадзеныя адносна польскай эканомікі за 2025 год
Міністэрства фінансаў Польшчы разлічыла выкананне бюджэту за 2025 год. Даходы склалі 594,6 мільярда злотых, або 94%. Выдаткі – гэта 870,2 мільярды злотых, або 94,4%. Дэфіцыт бюджэту склаў 275,6 мільярда даляраў – гэта 95,4% ад планаванага.
Беларускае Радыё Рацыя






