Летась Беларусь стала галоўным пакупніком расейскіх агуркоў. Агулам Расея экспартавала 24,5 тысяч тон агуркоў. На долю Беларусі прыпала з гэтага экспарту 17,1 тыс. тон. Другое месца заняў Казахстан — 5,5 тысяч тон агуркоў.

Некалькі гадоў таму ў Беларусі была прынятая праграма па забеспячэнні краіны агуркамі і таматамі ў міжсезонне. Аднак праблемы з гэтай прадукцыяй узнікаюць перыядычна. Чарговы збой з пастаўкамі свежых агуркоў у гандлёвыя сеткі адбыўся пры канцы студзеня. Пра гэта “Зеркало” паведамляла са спасылкай на дакументы, атрыманыя дзякуючы BELPOL. У сітуацыю ўмяшаўся першы віцэ-прэм’ер Мікалай Снапкоў і запатрабаваў кожны тыдзень дакладваць ураду пра стан спраў з агуркамі.
Падзеж жывёлы павялічваецца ў Магілёўскай вобласці
Рост падзяжу буйной рагатай жывёлы ў Магілёўскай вобласці за студзень склаў 144,5% у гадавым выражэнні. Гэта адбылося ў 17-ці раёнах. Такія лічбы прыводзіць Дзяржкантроль па Магілёўскай вобласці. Дакумент у распараджэнне рэдакцыі Еўрарадыё перадала ініцыятыва BELPOL.
Па фактах утойвання падзяжу жывёлы ў мінулым годзе было распачата 67 крымінальных спраў. Кантралёры звяртаюць увагу, што “па-ранейшаму не вырашана пытанне з ўкамплектаваннем сельскагаспадарчых арганізацый неабходнымі кадрамі жывёлагадоўчага профілю”. Паводле іх звестак, у вобласці не хапае 51 галоўнага заатэхніка, 49 галоўных ветурачоў, 71 заатэхніка і так далей.
Швейцарыя пашырыла санкцыі ў дачыненні да Беларусі
Федэральная рада Швейцарыі “цалкам зацвердзіла прынятыя 23 кастрычніка 2025 года Еўрапейскім звязам дадатковыя захады супраць Беларусі ў святле ўдзелу гэтай краіны ў вайне Расеі супраць Украіны“, гаворыцца на сайце швейцарскага ўрада. Сярод іншага санкцыі ўключаюць падаўжэнне забароны на прадастаўленне паслуг, узмацненне жорсткасці некаторых гандлёвых абмежаванняў і меры, якія тычацца крыптавалют. Адзначаецца, што гэтае рашэнне яшчэ больш набліжае швейцарскі рэжым санкцый супраць Беларусі да рэжыму супраць Расеі, узмацняючы яго дзеянне і прадухіляючы абыход.
Кошт кватэр у Польшчы – актуальная сітуацыя
Цэны на кватэры ў Варшаве, Кракаве і Гданьску дасягнулі ўзроўню, які знаходзіцца па-за фінансавымі магчымасцямі многіх маладых людзей, паведамляе партал Gazeta.pl. Тым часам усяго за дзясятак кіламетраў за межамі горада можна купіць падобную нерухомасць на траціну танней. Так, у Варшаве сярэдняя цана квадратнага метра ў забудоўшчыкаў склала на канец студзеня 2026 года 19 тыс. злотых (4 тыс. 500 еўра). Тым часам у гарадах-спадарожніках Варшавы, размешчаных каля сталіцы ў 10-20 км, сярэдні кошт склаў 11 тыс. 800 злотых (2 тыс. 800 еўра) за квадратны метр.
У буйных гарадах краіны найбольшай папулярнасцю карыстаюцца двухпакаёвыя кватэры. У Варшаве сярэдні кошт такой кватэры актуальна складае каля 798 тысяч злотых (амаль 190 тыс. еўра). Тым часам у гарадах-спадарожніках падобная кватэра каштуе 560 тыс. злотых (133 тысяч еўра). Такім чынам, розніца даволі адчувальная.
Беларускае Радыё Рацыя






