BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Беларусь трапіла ў спіс найгоршых краін для працоўных

Беларусь з’яўляецца адной з дзесяці краін свету, дзе назіраецца найгоршая сітуацыя з правамі працоўных, гаворыцца ў новым рэйтынгу правоў рабочых, які апублікавала Міжнародная канфедэрацыя прафсаюзаў (ITUC). «Найгоршымі дзесяццю краінамі для працоўных у 2024 годзе былі Бангладэш, Беларусь, Эквадор, Егіпет, Эсваціні, Гватэмала, М’янма, Філіпіны, Туніс і Турцыя», – гаворыцца ў рэйтынгу, на які звярнуў увагу «Белсат».

У дакуменце адзначаецца, што ў Беларусі, а таксама Егіпце, Ганконгу і Судане незалежны прафсаюзны рух ужо быў знішчаны ўладамі, а працаўнікі «былі пазбаўленыя сваёй асноўнай свабоды – ствараць і ўступаць у прафсаюзы па ўласнаму выбару». З красавіка 2022 года ўрад Беларусі ўзмацніў рэпрэсіі супраць незалежных прафсаюзаў. У краіне працягваюцца арышты і пераслед работнікаў, нелаяльных рэжыму. Як паведамляецца, у Беларусі цяпер несправядліва зняволеныя 42 лідары і чальцы прафсаюзаў.

Новыя абмежаванні на экспарт у Беларусь праграмнага забеспячэння

ЗША ўводзяць новыя абмежаванні на экспарт у Беларусь і Расею праграмнага забеспячэння.

Як вынікае з дакумента, Міністэрства гандлю ЗША гатова рабіць выключэнні з новых правіл для “структур, якія працуюць выключна ў медыцынскай або сельскагаспадарчай сферах”. Таксама Злучаныя Штаты ўвялі новыя абмежаванні ў адносінах да шэрагу кампаній. У чорны спіс патрапіла і адна беларуская кампанія – распрацоўшчык беспілотнікаў «Кванд ИС», а таксама яго кіраўнік Сяргей Тыцык. Гэтая кампанія – дачка адпаведнай расейскай кампаніі, якая займаецца вытворчасцю камплектуючых для вайсковай і грамадзянскай авіяцыі, піша «Беларусы і рынак».

Прызначаны новыя міністры

Новым міністрам інфармацыі Беларусі стаў Марат Маркаў. Да гэтага ён узначальваў тэлеканал АНТ. Ягоны папярэднік Уладзімір Перцоў атрымаў пасаду намесніка кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта.

Міністрам працы і сацыяльнай абароны стала першы намеснік ведамства Наталля Паўлючэнка. Да яе гэтую пасаду займала Ірына Касцевіч, якая стала дэпутатам Палаты прадстаўнікоў.

Продажы аўтобусаў МАЗ у Расеі ўпалі амаль у 20 разоў

У траўні на расейскім рынку прадалі ўсяго восем новых аўтобусаў Менскага аўтамабільнага завода — у 19,9 разы менш, чым у траўні мінулага года. Гэта вынікае са звестак расейскага агенцтва «АСМ-холдынг», заўважыў «Позірк».

За пяць месяцаў бягучага года усяго на расейскім рынку рэалізавана 280 адзінак аўтобусаў МАЗ. У мінулым годзе гэты паказчык складаў 522, таму падзенне роўню продажаў у гадавым выражэнні склала 46,7%.

Варта дадаць, што апошнім часам паведамленні пра тое, што новая беларуская тэхніка, якую паставілі ў расейскія рэгіёны, псуецца, з’яўляецца даволі часта. Тыя ж аўтобусы МАС «любяць» гарэць, у тым ліку ў Санкт-Пецярбургу.

Беларускае Радыё Рацыя.

Фота: Niek Verlaan from Pixabay/CC0.