BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Беларусь у мінулым годзе павялічыла экспарт харчавання

У 2024 годзе беларускія пастаўкі за мяжу харчовых тавараў і сельгасыравіны выраслі на 14,4%. Выручка склала 8,5 мільярда даляраў і павялічылася за год на 1 мільярд даляраў, піша Office Life. Пры гэтым больш за 40% у агульным аб’ёме экспарту харчавання складаюць малочныя прадукты. Беларускія малочныя прадпрыемствы адгрузілі на экспарт 6 мільёнаў тон прадукцыі.

Паводле ўладаў, гэтага ўдалося дасягнуць дзякуючы станоўчай дынаміцы росту вытворчасці асноўных відаў сельскагаспадарчай прадукцыі. Так, вытворчасць малака за год павялічылася на 5%, аб’ём вырошчвання скату і птушкі – на 2,5%, зернявых і зернябабовых – на 8,8%.

У Нацбанку назвалі сярэднюю суму, якую беларусы бяруць у крэдыт

Летась назіралася максімальнае за апошнія чатыры гады павелічэнне сумы крэдытаў — на 7 мільярдаў рублёў. Пры гэтым колькасць крэдытных дамоваў паміж банкамі і фізічнымі асобамі ў параўнанні з пазамінулым годам павялічылася на 166,7 тысячы і на 1 студзеня гэтага года дасягнула 5,1 мільёна дамоваў. Агульная сума крэдытаў па іх склала 38,9 мільярда рублёў.

Асноўнымі крэдытаатрымальнікамі ў Беларусі з’яўляюцца людзі ва ўзросце ад 26 да 45 гадоў. Таксама агучана сярэдняя сума, на якую гатовыя крэдытавацца беларусы — 7,6 тысячы рублёў. Амаль палова крэдытных дамоваў заключаецца фізічнымі асобамі на тэрмін да 5 гадоў, піша “Наша Ніва”.

Колькі ў Польшчы адкрыта беларускіх ІТ-кампаній?

За год колькасць ІТ-кампаній з беларускім капіталам у Польшчы вырасла на 10%+. Гэта вынікае з дадзеных Цэнтра эканамічнай інфармацыі, піша devby.io. На канец студзеня гэтага года ў Польшчы было зарэгістравана 468 ІТ-кампаній з беларускім капіталам, а годам раней іх было 412. Такім чынам, за год беларускіх ІТ-бізнесаў стала на 56 больш.

У статыстыцы ўлічваюцца кампаніі, у якіх адным з акцыянераў з’яўляецца беларуская юрыдычная асоба або фізічная асоба з беларускім грамадзянствам (аб з’яўляецца непасрэдным бенефіцыярам).

Усяго на канец студзеня ў Польшчы было зарэгістравана 7530 кампаній розных відаў дзейнасці з беларускім капіталам, з іх 1376 пачалі свой бізнес у мінулым і ў гэтым годзе. Пік рэгістрацый прыпаў на 2022. Па колькасці замежных кампаній усіх відаў дзейнасці, зарэгістраваных у Польшчы, Беларусь уваходзіць у топ-3 сярод усіх краін. Больш кампаній толькі з украінскім і нямецкім капіталам.

З 1 сакавіка пенсіі ў Польшчы выраслі на 5,5 працэнтаў

Гэта вынік штогадовай індэксацыі працоўных пенсій і пенсій па інваліднасці.

Як паведаміў прэс-сакратар Упраўлення сацыяльнага страхавання Войцех Дамброўка, самая нізкая пенсія па ўзросце, пенсія па страце карміцеля і пенсія па поўнай непрацаздольнасці складзе 1 878,91 злотых (449,5 еўра) з улікам падаткаў і збораў, што азначае рост амаль на 98 злотых. 

Да такой жа сумы павысіцца таксама сацыяльная пенсія. Пенсія па частковай непрацаздольнасці з 1 сакавіка складзе 1 409,18 злотых (больш за 337 еўра), піша Беларуская служба Польскага радыё.

Беларускае Радыё Рацыя.

Фота ілюстрацыйнае з адкрытых крыніц.