Рэспубліка Беларусь увайшла ў спіс ключавых імпарцёраў расейскіх макаронных вырабаў, піша Myfin.by. Паводле ацэнак экспертаў, за студзень — ліпень бягучага года Расея паставіла на сусветныя рынкі больш за 65 тысяч тон макаронных вырабаў. Рост у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года склаў каля 20%.

Асноўнымі імпарцёрамі расейскіх макаронаў у натуральным выражэнні з’яўляюцца:
Казахстан (19,5%),
Беларусь (19,4%),
Туркменістан (13,8%).
Літва ўсталюе рэнтгенаўскія сістэмы кантролю на мяжы з Беларуссю
Літоўская чыгунка мае намер абсталяваць два пераходы на мяжы з Беларуссю і Расеяй сродкамі рэнтгенаўскага кантролю. На беларускай мяжы гаворка ідзе пра пункт пропуску “Стасілас”. Яго закрылі ў лютым 2023 года. Усе грузавыя цягнікі адтуль былі перанакіраваны ў пункт пропуску “Кяна”. Тады ж літоўскі бок казаў, што рух праз “Стасілас” адновяць пасля ўстаноўкі стацыянарнай сістэмы рэнтгенаўскага кантролю. Планавалася, што работы па ўстаноўцы завершаць да канца 2024 года.
Аднак цяпер прадстаўнікі літоўскай чыгункі кажуць, што рэнтгенаўскія сістэмы кантролю на чыгуначных станцыях “Кібартай” і “Стасілас” плануецца ўсталяваць да другога кварталу 2026 года. Кантракт ужо заключаны. Яго кошт складае 14 млн еўра. (паводле “Еўрарадыё)
У “Вялікім камені” будуць рабіць прамысловых робатаў
У індустрыяльным парку “Вялікі камень” можа з’явіцца вытворчасць цяжкіх і выбуховаабароненых прамысловых робатаў. У парку зарэгістраваны новы рэзідэнт – ААТ “Бел Яньлін Тэхноладжы” (КНР).
Як піша reform.news, кампанія будзе займацца распрацоўкай цэнтру інтэграваных рашэнняў аўтаматызацыі для прамысловай робататэхнікі ды інтэлектуальнага абсталявання. Па выніках распрацоўкі плануецца наладзіць і выпуск названых робатаў.
Імігранты дапоўняць, а не запоўняць рынак працы ў Польшчы
Дзякуючы замежным рабочым польская эканоміка ў апошнія гады развівалася хутчэй. Іх прыток павінен яшчэ больш павялічыць тэмпы росту ВУП – піша выданне „Rzeczpospolita”.
«Міграцыя, а асабліва рост эканамічных імігрантаў у апошнія гады, значна падтрымлівае рост польскай эканомікі, забяспечваючы бесперапыннасць вытворчасці і паслуг таксама ў непрацоўныя дні і святы», – цытуе газета эканамістку, аўтарку даклада пра значэнне міграцыі для эканамічнага развіцця Польшчы Агнешку Кулесу.
Паводле Цэнтру сацыяльна-эканамічнага аналізу, замежныя працаўнікі запаўняюць кадравыя прабелы ў транспарце і лагістыцы, прамысловасці, будаўніцтве і сельскай гаспадарцы, у 2015–2023 гадах яны дадалі 2,3% да росту польскага ВУП – у сярэднім на 0,24 працэнтныя пункты штогод.
Беларускае Радыё Рацыя.
Фота ілюстратыўнае з адкрытых крыніц.






