BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Беларусь увайшла ў тройку імпарцёраў расейскай свініны

Па выніках пяці месяцаў гэтага года Беларусь заняла трэцяе месца сярод імпарцёраў расейскай свініны і субпрадуктаў. Пра гэта піша Office Life.

Паводле папярэдніх падлікаў, за названы перыяд Расея паставіла на сусветныя рынкі 130 тысяч тон свініны і субпрадуктаў з яе на суму 311 мільёнаў даляраў. Гэта ў 1,6 разу больш у натуральным выражэнні і ў 1,8 разу больш у колькасным у параўнанні з аналагічным леташнім перыядам. Першае месца сярод пакупнікоў заняў В’етнам, далей ідуць Кітай і Беларусь. Чацвёртую і пятую пазіцыі занялі Ганконг і Сербія.

Сярэдні заробак у Менску вырас на 24 капейкі

Намінальны налічаны сярэднямесячны заробак работнікаў арганізацый Менска ў траўні склаў 3 504 рублёў, паведамляе Галоўнае статыстычнае ўпраўленне сталіцы Беларусі. Гэта на 24 капейкі больш, чым было ў красавіку. Найлепшыя заробкі захоўваюцца ў сферы інфармацыі і сувязі — сярэдняя зарплата тут склала 6 510,9 рубля. Найніжэйшая сярэдняя зарплата — у сферы адукацыі: 2 223,6 рубля.

Нагадаем, што паняцце “сярэдняя зарплата” не адлюстроўвае сапраўднага ўзроўню дабрабыту работнікаў, бо ў кіраўніка яна можа быць у некалькі разоў вышэйшая, чым у звычайнага працаўніка ці службоўца.

З малых прадпрыемстваў хочуць зрабіць фінансавых гігантаў

Нацыянальны банк Беларусі запускае новы праект пад назвай “Новыя чэмпіёны”, мэта якога — знайсці і падтрымаць малыя і сярэднія прадпрыемствы з высокім патэнцыялам росту, распавёў старшыня Нацыянальнага банка Раман Галоўчанка. Паводле яго, Нацбанк запускае праграму падтрымкі малога і сярэдняга бізнесу з мэтай вырасціць новыя “эканамічныя зоркі” Беларусі.

Нацбанк, хоць і звычайна не займаецца такімі ініцыятывамі, сказаў Галоўчанка, цяпер хоча больш актыўна ўдзельнічаць у развіцці эканомікі — шукаць кампаніі, якія могуць стаць лідарамі ў сваёй галіне. Гэта кампаніі, якія пакуль яшчэ малыя або сярэднія, але могуць вырасці ў некалькі разоў, калі атрымаюць патрэбную падтрымку. Прычыны, чаму яны пакуль не выраслі, мяркуе Галоўчанка, — недахоп фінансавання, арганізацыйныя праблемы, ці там не ведаюць, як карыстацца банкаўскімі інструментамі.

Перавозчыкі ў Польшчы скардзяцца на ўмовы працы

95% польскіх транспартных кампаній, сярод якіх нямала з беларускім капіталам, працуюць у кабальных умовах кантрактаў. Як паказала апытанне Асацыяцыі Transport and Logistics Poland (TLP), перавозчыкі ўсё часцей вымушаны працаваць у “мінус”, каб не згубіць замовы. Гэта ўжо не рынак, а сістэма эканамічнага гвалту, скардзяцца ўдзельнікі рынку.

Апытанне паказала трывожную карціну: амаль усе польскія перавозчыкі падпісваюць кантракты, нават не маючы шанцаў абмеркаваць іх умовы. Ім проста дасылаюць гатовы дакумент: або падпісвай, або губляеш замову. Тым часам у кантрактах заказчыкі прапісваюць шмат несправядлівых і часам незаконных пунктаў, па якіх усю віну, усе рызыкі і нават страты заказчыкі перакладаюць на перавозчыка. Адзначаецца, што падобная сітуацыя склалася таксама ў Румыніі (паводле “Беларусы і рынак”).

Беларускае Радыё Рацыя.

Фота: Office Life.